BE RU EN

Прафсаюз РЭП сабраў больш за 45 тысячаў подпісаў за скасаванне дэкрэта аб «дармаедах»

На ўсе звароты незалежнага прафсаюза ад чыноўнікаў прыходзяць лісты-адпіскі.

Людзі па-ранейшаму прыходзяць у рэгіянальныя пункты, дзе можна ў пісьмовым выглядзе выказаць свой пратэст. Пра гэта «Радыё Свабода» апавёў сёння кіраўнік Беларускага прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Генадзь Фядыніч.

«Фармальна мы скончылі перадачу подпісаў у адміністрацыю кіраўніка. Але мы маем больш за паўтары тысячы галасоў, якія яшчэ не пайшлі наверх. 28 лютага мы збіраемся нашым актывам і будзем пастанаўляць, што рабіць далей, у тым ліку і з подпісамі. Думаю, да гэтага дня іх будзе яшчэ больш».

Фядыніч паведаміў, што на адрас РЭП прыйшоў адказ з адміністрацыі Лукашэнкі на патрабаванне скасаваць дэкрэт № 3. Паводле ягоных словаў, гэта фактычна калька тых лістоў, якія атрымалі «дэпутат» «палаты прадстаўнікоў» Ганна Канапацкая і старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук.

«Сэнс такі – скасоўваць збор няма падставаў, а што ён не прынёс шмат грошай, то і быў разлічаны не столькі на папаўненне бюджэту, колькі на “скарачэнне ценявой эканомікі”, “задзейнічанне насельніцтва ў дазволеных заканадаўствам відах дзейнасці” і “вяртанне да стваральнага жыцця асобаў, якія вядуць асацыяльны лад жыцця”.

А вось “палата прадстаўнікоў” даслала нам ліст ажно на тры з паловай старонкі за подпісам старшыні “парламенцкай камісіі” працы і сацыяльных пытанняў Тамары Красоўскай. На жаль, сутнасць тая самая – скасоўваць дэкрэт няма падставаў».

Апошнія навіны