Як «дармаед» паставіў на месца Рыжанкова
- 24.02.2017, 19:51
Жыхар Рагачова Дзяніс Дашкевіч апавёў пра сваю сустрэчу з намеснікам кіраўніка адміністрацыі дыктатара.
Паводле ягоных словаў, было відаць, што Максім Рыжанкоў рыхтаваў прамову – і стараўся гаварыць «прыгожа і пераканальна» перад прысутнымі мясцовымі жыхарамі. У асабістай гутарцы чыноўнік спрабаваў пераканаць «дармаедаў» добраахвотна заплаціць падатак, піша «Салiдарнасць».
– Ён пачаў мне паказваць на тое, што падаткі плацяць і ў Злучаных Штатах, і ў Еўразвязе, – падзяліўся ўражаннямі Дзяніс Дашкевіч. – Я яму адказаў, што, па-першае, у гэтых краінах несувымерныя прыбыткі, а па-другое, нельга параўноўваць сацыяльныя гарантыі, калі ў Нарвегіі дапамога ў беспрацоўі блізу 2000 еўраў, а ў нас 10 еўраў.
Далей, паводле словаў «дармаеда», намеснік кіраўніка адміністрацыі пачаў ціснуць на тое, што дзеці ходзяць у дзіцячыя сады і школы бясплатна, таму падатак трэба заплаціць.
– На гэта я яму рэзка адказаў, што ў нас школы не бясплатныя. Пастаянныя паборы, 200–250 рублёў за год мы аддаем на рамонты, парашкі, фіранкі і гэтак далей. Кошт дзіцячага садка ў нас 50 рублёў за месяц. Якая бясплатная адукацыя і дзіцячыя сады?
Акрамя таго, Дашкевіч звярнуў увагу чыноўніка на сітуацыю ў правінцыі, дзе многія людзі атрымліваюць так званы «воўчы білет».
– Калі чалавек не так паглядзеў на кіраўніка, то яму перакрываюць дарогу ва ўсім горадзе – ён у гэтым раёне нідзе не ўладкуецца, – апавёў суразмоўца.
У адказ Рыжанкоў даў распараджэнне мясцовым чыноўнікам узяць гэтае пытанне на асабісты кантроль. Праз амаль два тыдні ніякіх зменаў у раённым цэнтры не адчулі.
– Такое адчуванне, што гэта была паказуха – ніякіх праблемаў мясцовыя ўлады не збіраюцца развязваць, – зазначыў Дзяніс Дашкевіч. – Было адчуванне, калі чыноўнікі сядзелі перад ім, што гаспадар прыйшоў сваіх халопаў адсцябаць. Яны пачакалі, пакуль ён паехаў, і нічога не змянілася.
Апавядаючы пра агульны настрой людзей у горадзе, мужчына звяртае ўвагу на адзін цікавы факт.
– Нягледзячы на тое, што пра прыём пісалі ў СМІ, на сустрэчу прыйшло 12 чалавек. Гэта сведчыць пра татальны недавер – прычым не толькі да мясцовай улады, але і да галоўнага кіраўніка. Настрой у людзей не проста пратэставы, а я назваў бы гэта сацыяльнай нянавісцю да ўладаў. Людзі ў аўтобусах, на рынку проста кажуць на адрас улады нецэнзурныя фразы. Нават у выканкамах супрацоўнікі сярэдняга і найніжэйшага звяна не баяцца адкрыта выказваць незадаволенасць у сацыяльных сетках. Пад сваімі імёнамі. Раней такога ніколі не было, – падкрэсліў жыхар Рагачова.