BE RU EN

Пенсійная рэформа пазбавіла «афганцаў» 3–5 гадоў страхавога стажу

Цяперашняя ўлада фактычна адмовілася ад сацыяльнай падтрымкі не толькі ветэранаў баявых дзеянняў, але і вайскоўцаў увогуле.

Напярэдадні Лукашэнка павіншаваў вайскоўцаў і ўсіх расейцаў з Днём абаронцаў Айчыны. Асаблівую ўвагу ён аддаў ветэранам Другой сусветнай вайны, але ні слова – пра ўдзельнікаў вайны ў Афганістане.

У сваім пасланні Лукашэнка ўказаў, што першачарговай задачай з'яўляецца – абарона нацыянальных інтарэсаў, піша belprauda.org.

Зразумелая рэч: дзяржава хоча бачыць у вайскоўцах надзейную абарону ад вонкавага ворага. Але што гатовая ўлада даць абаронцам Айчыны? Без узаемнасці, як вядома, кахання не бывае.

Сустаршыня аргкамітэта ў стварэнні РГА ветэранаў баявых дзеянняў у Афганістане «Абаронцы Айчыны» Алег Воўчак мяркуе, што цяперашняя ўлада фактычна адмовілася ад сацыяльнай падтрымкі не толькі ветэранаў баявых дзеянняў, але і вайскоўцаў увогуле.

– Слоў падзякі ад урада не пачулі нават кадравыя вайскоўцы, не кажучы ўжо пра ветэранаў баявых дзеяннях у Афганістане. А апошнія ж змены ў пенсійным заканадаўстве закранулі правы кожнага мужчыны Беларусі, які адслужыў у войску: год-два армейскай службы больш не ўваходзяць у страхавы стаж.

Гэтыя змены асабліва ўдарылі ў нас, ветэранаў вайны, бо раней дзень баявых дзеянняў залічваўся за тры дні выслугі. Фактычна кожны ветэран вайны страціў 3–5 гадоў у страхавым стажы. І ўлада яшчэ наважваецца нешта патрабаваць ад вайскоўцаў?..

З якім настроем пойдуць служыць у войска маладыя хлопцы, ведаючы, што год-два службы проста «выпадуць» з жыцця?

– Якое войска патрэбнае Беларусі?

– Я ўжо не раз адзначаў, што такая вялікае войска краіне не патрэбнае. Столькі генералаў, палкоўнікаў, а спытай хоць у аднаго: калі апошні раз страляў са стралковай зброі? Калі апошні раз бегаў марш-кідок з салдатамі? Ці сядзеў у траншэях на вучэбных палігонах? Ці ведае ён усе нягоды шараговага байца? – баюся, сцвярджальнага адказу мы не пачуем.

Няма ў краіне афіцэрскага корпуса, затое існуе штатны корпус камандзіраў. Добрая армія мае патрэбу ў афіцэрах-лідарах, якіх няма ў Беларусі. Ва ўсякім выпадку, пісьменных афіцэраў на тэлеэкраны не выпускаюць.

Як можна запрашаць моладзь у войска, калі няма ніякай інфармацыі пра ўмовы службы, пра сацыяльныя гарантыі вайскоўцаў, пра перспектывы?

Я да гэтага часу не разумею сэнс ваеннай дактрыны Беларусі: рыхтуемся да адбіцця агрэсіі, але з якога боку – з Захаду, з боку Украіны ці Расеі? Хто сёння вораг Беларусі?

Паводле Канстытуцыі Беларусь імкнецца да нейтралітэту і няўдзелу ў ваенных блоках і хаўрусах, а на справе – Беларусь актыўны ўдзельнік АДКБ, ваеннага хаўрусу з Расеяй.

– Пра армейскія рэформы кажуць даўно, але, падобна, воз і цяпер там. Як прывабіць моладзь у войска, як зрабіць службу ва Узброеных сілах прэстыжнай?

– Немагчыма за паўтара года навучыць салдата ваеннаму мастацтву. Спытайце ў тых, хто нядаўна вярнуўся са службы: колькі разоў яны стралялі з баявой зброі? Колькі ў іх за тыдзень было фізічнай, баявой падрыхтоўкі? Нядаўнія салдаты ў большасці сваёй скардзяцца, што проста страцілі год-два свайго жыцця.

У Беларусі можна смела скараціць войска ў тры разы. Зрабіць яго кантрактным. Зацікавіць моладзь пэўнымі бонусамі, як у ЗША, Еўропе і іншых краінах.

Сёння на ўзбраенні стаіць складаная ваенная тэхніка, абыходжанню з якой трэба навучацца не год ці два гады, а значна даўжэй. Бюджэт краіны адчуе велізарную палёгку ад скарачэння непатрэбнага войска генералаў і іншых военачальнікаў, якія выходзяць у 50 гадоў на пенсію.

Галоўнае пытанне, з якога трэба пачынаць змены ў войску – гарантыі вайскоўцам за іх працу. Бо колькі трагічных выпадкаў адбылося ў войску, а хто-небудзь памятае, каб дзяржава выплаціла годную кампенсацыю за смерць салдата? Не было такога.

Сёння Міністэрства абароны павінна вярнуцца да пытання васьмігадовай даўніны, калі нам, ветэранам вайны ў Афганістане, абяцалі вярнуць усе нашы гарантыі і льготы праз новы закон, якія былі знятыя ўказам прэзідэнта і зацверджаныя Палатай прадстаўнікоў, у парушэнне Пагаднення СНД 1994 года. А мы ж яшчэ жывыя, мы – жывы прыклад для хлопцаў: які сэнс ісці ў войска, калі няма павагі да людзей, якія прайшлі вайну?

Без рэальных рэформаў моладзь будзе пазбягаць прызыву, ухіляцца, выязджаць за мяжу, а ваенкаматы будуць па-ранейшаму сілком вылоўліваць прызыўнікоў і прымусова скіроўваць у войска. Так прасцей для ваеннага кіраўніцтва, але занадта дорага для бюджэту краіны.

Апошнія навіны