Менскія ІП: Людзі праелі свой ашчадак і сталі моцна эканоміць
- 24.02.2017, 12:17
Што кажуць прадаўцы сталічных «Імпульсу», «Ждановічаў» і Маскоўскага рынку.
Журналісты onliner.by прайшліся сталічнымі рынкамі і распыталі прадаўцоў пра іх цяперашняе жыццё. Цытаты, якія найбольш выразна паказваюць сітуацыю, у якой апынуліся не толькі прадпрымальнікі, але і ўся краіна.
«Імпульс»: «Людзі выбіраюць: каўбасы купіць або «анучу» якую? І зразумела, што каўбаса пераважвае»
— Бывае так, што за тыдзень не прадасі ніводнай рэчы. Вось учора не было ніводнага продажу, пазаўчора — адзін... — распавядае прадавец «Імпульсу». — Людзі сталі значна бяднейшыя. Глядзіце, вось у мяне кофтачкі вісяць па 30-35 рублёў. Джынсы пытаюцца такім жа коштам. Калі даражэй — ужо браць не хочуць. Народ наогул імкнецца даношваць рэчы да апошняга: пакупнікі прыходзяць у працёртых, драных старых джынсах — гэта значыць, калі іх ужо фізічна нельга насіць. І дарослыя адмаўляюць сабе ва ўсім, імкнуцца больш дзецям купіць. Такога, каб, да прыкладу, мама з дачкой прыйшлі і ўдваіх за раз штосьці купілі, ужо няма.
— Людзі выбіраюць: каўбасы купіць або «анучу» якую? І зразумела, што каўбаса пераважвае... Сітуацыя ў параўнанні з мінулым годам горшая: ёсць адчуванне, што людзі праелі свой ашчадак і сталі моцна эканоміць.
Прадпрымальнікі кажуць, што іх тут пакуль трымае дзве рэчы: падатак на «дармаедства» і немагчымасць уладкавацца на працу. Праўда, і гэта не заўсёды спрацоўвае.
— Асабіста я даю сабе пару месяцаў. А далей? Далей буду думаць. Як варыянт разглядаю нават эміграцыю, — дзеліцца планамі прадавец джынсаў.
Маскоўскі рынак: «Давялося нават прадаўца звольніць і самой стаць за прылавак»
— Людзі ходзяць да нас, як у музэй: паглядзець, што, як і колькі. І не бяруць. Давялося нават прадаўца звольніць і самой стаць за прылавак: інакш нявыгадна, — распавядае прадавец Маскоўскага рынку.
Са слоў жанчыны, яна ўжо другі год падумвае аб тым, каб кінуць бізнэс і сысці.
— Праўда, незразумела куды. У мяне перадпенсійны ўзрост — хто мяне куды возьме? Была б маладзейшай, дык магла б перавучыцца або куды-небудзь з'ехаць, як робяць многія, — уздыхае яна і кажа, што дае сабе год.
— Хацелася б, каб у нас былі роўныя з расейцамі ўмовы вядзення бізнэсу. У іх значна прасцей: няма такога дакументаабарачэння, такіх высокіх ставак арэнды і падаткаў. Чаму ж, вы думаеце, нашы хлопцы едуць у Смаленск гандляваць? — паўтарае іншы прадавец
— Стаўленне патрэбнае іншае: у Польшчы эканоміку на малым і сярэднім бізнэсе заснавалі. А ў нас дагэтуль столькі негатыву на адрас прадпрымальнікаў.
«Я 15 гадоў стаяла на «Ждановічах», а ў мінулым годзе згалела»
— Паміраюць «Ждановічы», яшчэ год-два — і больш іх не будзе, — уздыхае прадавачка з рынку. З ейных слоў і слоў ейнай калегі, «мядовыя» гады на «Ждановічах» скончыліся гадоў пяць-сем таму. З таго часу рынак пачаў памаленьку згортвацца.
— Вядома, больш за ўсё падкасіла тое, што народ паволі бяднее. Ашчадку ўжо не стае — вось людзі ходзяць усё менш і менш. Такое адчуванне, што нікому нічога не трэба. Нібыта людзі не купляюць падарункаў, не адзначаюць святаў. Ідзеш дадому і думаеш, як пракарміцца.
— Вы ведаеце, я вось 15 гадоў тут працавала, а ў мінулым годзе збанкрутавала. Цяпер вось нанялася папрацаваць да пенсіі прадаўцом, — кажа ейная калега. — Не выцягнуў мой бізнэс. Я ўкладвала ў тавар, укладвала, а ён усё не прыносіў і не прыносіў прыбытку. У ралеты ўкладвалі тысячы даляраў, столькі на марозе і на спякоце стаялі, столькі торбаў на сабе перацягнулі, хвароб зарабілі. І мы ж анякіх льгот, нічога ў дзяржавы не прасілі. А цяпер вось яно як... Крыўдна
— Ведаеце, снежны ком пайшоў: з'явіліся гандлёвыя цэнтры, нас моцна паціснулі, потым крызіс за крызісам, ну і сертыфікацыя стала апошняй кропляй, — кажа мужчына, які прадае чаравікі. — Праз пару месяцаў, можа, год я і сам пайду, мяне нават выганяць не трэба будзе...