BE RU EN

Гасеўска: З Пуціным трэба размаўляць з пазіцыі моцы

Украінцы змагаюцца не толькі за сваю незалежнасць, але і за вялікую частку Еўропы.

Польская дэпутатка, якая надоечы наведала лінію фронту на ўсходзе Украіны, сярод іншага Аўдзееўку, адзначыла, што на Данбасе працягваецца сапраўдная вайна.

«Сцэнар падзей (ва Украіне – рэд.) у вялікай меры залежыць ад нас, ад Захаду. І тут Польшча мае важнае заданне: мы павінны гучна гаварыць аб тым, што адбываецца на ўсходзе Украіны, быць амбасадарам гэтай краіны. Гэта ў нашых жа інтарэсах. Мы маем супрацьстаяць тым тэндэнцыям, дзякуючы якім санкцыі супраць Расейскай Федэрацыі могуць быць скасаваныя. Уладзімір Пуцін лічыцца толькі з моцай», - сказала дэпутатка кіроўнай у Польшчы партыі «Права і справядлівасць» Малгажата Гасеўска ў інтэрв'ю Польскаму радыё.

«Мы павінны памятаць, што гэтая вайна ідзе, у прынцыпе, недалёка ад нас. Там безупынна гінуць людзі, якія змагаюцца не толькі за Украіну, але таксама за вялікую частку Еўропы», - падкрэсліла яна.

Польская дэпутатка Малгажата Гасеўска з'яўляецца аўтаркай дакладу «Расейскія ваенныя злачынствы ва Усходняй Украіне ў 2014 годзе». Дакумент тычыцца дзеянняў расейскіх вайскоўцаў і прарасейскіх ваеўнікоў на тэрыторыі Усходняй Украіны. Акрамя таго, у тэксце згадваюцца некалькі падзей, якія адбыліся ў Крыме і ў Расеі, куды вывозілі палонных.

Рапарт складзены на базе больш за 60 інтэрв'ю, якія польскія экспэрты правялі з палоннымі. Гаворка ідзе аб такіх злачынствах, як пазбаўленне волі, фізічныя і псіхічныя катаванні, рабаванні і забойствы. Частка матэрыялаў шакуе сваёй жорсткасцю. У дакуменце 153 старонкі.

5 красавіка справаздачу «Расейскія ваенныя злачынствы ва Усходняй Украіне» быў прэзэнтаваны ў Еўрапарламенце.

Малгажата Гасеўска асабіста перадала даклад аб злачынствах 22 красавіка ў Міжнародны крымінальны суд (МКС) у Гаазе. З ейных слоў, ён выклікаў значную цікавасць у прадстаўнікоў суда.

Апошнія навіны