«За 20 гадоў не было такіх жорсткіх выказванняў на адрас улады ад простых людзей»
- 24.02.2017, 11:22
Сацыяльны пратэст у Беларусі будзе толькі нарастаць.
Пра гэта «Радыё Свабода» заявіў прававы інспектар прафзвязу радыёэлектроннай прамысловасці ў Гомельскай вобласці Леанід Судаленка.
- Калі людзі абмяркоўваюць, чаму найбольш чынны пратэст супраць дэкрэта аб «дармаедах» адбыўся ў Гомелі, - то, сярод іншага, спасылаюцца на тое, што там вельмі актыўна працаваў прафзвяз РЭП. Як і чым вы дапамагалі тым людзям, якія падпалі пад дзеянне гэтага дэкрэта, як з імі працавалі?
- Наш прафзвяз на пачатку года пачаў акцыю ў падтрымку людзей, якія трапілі пад дэкрэт. Мы арганізавалі ў канторы збор подпісаў за скасаванне гэтага дэкрэта. А таксама я як прававы інспектар прафзвязу займаўся юрыдычным кансультаваннем і складаннем адпаведных скаргаў у падатковыя інспекцыі.
У нашу кантору за паўтара месяца прыйшло блізу 5 тысяч чалавек. Акрамя таго, мы збіралі подпісы супраць дэкрэта на сайце зваротаў – блізка што 25 тысяч - і сабралі пад 200 індывідуальных скаргаў у падатковыя інспекцыі.
- Людзі, якія да вас прыходзяць, маюць вельмі вузкую задачу - пазбавіцца ад выплаты гэтага падатку? Ці яны ахвочыя ў больш шырокім сэнсе выказваць сваю незадаволенасць сацыяльнай палітыкай?
- На агульным фоне эканамічнай сітуацыі ў краіне, калі людзі трацяць працу, з імі не падаўжаюць працоўныя кантракты, упалі заплаты - дэкрэт стаў астатняй кропляй. Калі казаць аб матывацыі - дэкрэт патрабуе дастаць з кішэні грошы і аддаць. Розныя людзі прыходзілі да нас. Былі тыя, хто ўступаў у прафзвяз, іншыя проста хацелі ўнікнуць падатку, і іх нічога больш не цікавіць. Але я скажу, што нават знаходзячыся 20 гадоў у апазіцыйным асяроддзі, я не чуў столькі жорсткіх выказванняў на адрас улады ад звычайных людзей. Людзі кажуць, што гэта астатняя кропля.
- А чаму менавіта Гомель уразіў сваёй масавасцю на акцыі пратэсту? Можа, у вас нейкая асабліва цяжкая эканамічная сітуацыя?
- Я б не казаў, што ў Гомелі вельмі складаная сітуацыя адрозна ад усёй краіны. Той факт, што ў нас выйшла больш людзей - я тлумачу працай і нашага прафзвязу, і іншых дэмакратычных арганізацый. Мы былі вельмі чынныя ў сацыяльных сетках. Наогул гэта вынік калектыўнай працы.
- Кагадзе ў Гомелі паводле выраку суда «дармаеда» Аляксандра Сямёнава вызвалілі ад выплаты падатку. Наколькі важны гэты прэцэдэнт, і аб чым ён сведчыць?
- Мы хацелі, каб суд прызнаў неканстытуцыйным гэты дэкрэт прэзідэнта. І каб прызнаў Сямёнава чалавекам, які браў удзел у фінансаванні дзяржаўных выдаткаў. Суд расчаўся з разглядам справы, і вынік мы ведаем - гэта справа і ўсе астатнія «дармаедскія» справы не будуць падлягаць пад разгляд судоў.
Улада пайшла на пэўныя саступкі, працаўладкаваўшы таго ж Сямёнава і вызваліўшы яго ад падатку. Але за нашымі спінамі стаяць яшчэ 420 тысяч «дармаедаў», якія наважылі не плаціць падатак. Хіба ўлада здолее іх усіх працаўладкаваць і вызваліць ад падатку?
Заплацілі падатак толькі 50 тысяч. Як усіх астатніх прыцягваць да адміністрацыйнай адказнасці? Як з усіх спагнаць грошы? Калі ўказ не скасуюць, то ўвосень улада зноў будзе рассылаць «лісты шчасця». Гэта значыць сацыяльны пратэст будзе нарастаць, і ўлада пра гэта ведае.