BE RU EN

Re1ikt зняў кліп на ўлюбёную песню Барадуліна

Дата выхаду кліпа невыпадковая — 24 лютага Барадуліну споўнілася б 82 гады.

Менскі гурт Re1ikt зняў музычнае відэа да кампазіцыі Drobnieńki doždžyk, створанай паводле матываў народнай песні, якую любіў спяваць беларускі паэт Рыгор Барадулін.

Дата выхаду кліпа невыпадковая — 24 лютага Барадуліну споўнілася б 82 гады.

Барадулін быў вядомым збіральнікам беларускага фальклору, сапраўдным патрыётам сваёй малой радзімы — Вушаччыны (Віцебская вобласць). Вялікую колькасць песень паэт запісаў ад сваёй маці Акуліны, якая прышчапіла сыну любоў да роднай мовы і культуры. Лірычны напеў «Дробненькі дожджык» быў адным з ейных улюбёных.

— Гэта дзівосная кампазіцыя, — распавёў tut.by Аляксандр Дземідзенка, лідар гурта Re1ikt, які стварыў сваю арыгінальную версію «Дожджыку». — Яна стала больш сучаснай, экспрэсіўнай, але не страціла сваёй мяккасці. Мы змяшалі вальс і рок — атрымалася свежа і незвычайна. Камусьці здасца дзіўным, што ў рэпертуары брутальных рокераў з'явілася такая песня, а нам бы хацелася разбурыць стэрэатып: мужчына таксама можа быць пяшчотным і уважлівым, калі ён закаханы.

Для таго каб распавесці гісторыю кахання, прыдуманую на пачатку 20-га стагоддзя, музыкі наважылі ўзнавіць атмасфэру таго часу. Разыграць трагедыю кахання былі запрошаныя прафесійны актор і дырэктар сярэднявечнага тэатра «Дыгрыза», трэнер у публічных выступах кампаніі Epam Аляксей Бурносенка, а таксама паэтка, мадэль і спявачка Кацярына Ваданосава.

Акрамя гэтага, гісторыкамі быў дабраны рэквізіт, адпаведны эпосе, больш за тое, спецыяльна для здымак рэканструявалі і пашылі кашулю галоўнага героя. Для поўнага занурэння кліп пастанавілі здымаць у Музеі народнай архітэктуры і побыту, дзе пад голым небам размяшчаюцца старажытныя беларускія хаты, старадаўнія гаспадарчыя пабудовы і млын.

Кампазіцыя «Drobnieńki doždžyk» увайшла таксама і ў CD-праект «Песні матчыны з Вушаччыны». Пачуць яе жыўцом можна будзе на прэзэнтацыі зборніка барадулінскіх песень 26 лютага ў Палацы ветэранаў, а таксама ў клубе «Графіці» 11 сакавіка на сольным канцэрце Re1ikt, дзе музыкі прэзэнтуюць акустычныя інтэрпрэтацыі кампазіцый з новага дыска.

Апошнія навіны