Румас зрабіў інтрыгоўную заяву пра імя галоўнага трэнера каманды Беларусі
- 24.02.2017, 9:57
З прызначэннем галоўнага трэнера футбольнай каманды чакаць засталося нядоўга.
Кіраўнік АБФФ Сяргей Румас распавёў, што перамовы з кандыдатамі на пасаду галоўнага трэнера каманды Беларусі працягваюцца, і казаць аб канкрэтных імёнах пакуль заўчасна.
"Імя новага галоўнага трэнера аматары футбола ўведаюць неўзабаве. Выдаваць дэталі перамоў пакуль не магу. Практычна штодзень мы знаходзімся ў кантактах з кандыдатамі на пасаду галоўнага трэнера каманды. Засталося чакаць зусім трохі", — цытуе Румаса БелТА.
Ён падкрэсліў, што выбар галоўнага трэнера — добрая інфармацыйная нагода, аднак не заўсёды інфармацыя падаецца аб'ектыўна.
"Мы ведаем сітуацыю кожнага чалавека, які адмовіўся ўзначаліць каманду, а таксама тых, з кім яшчэ працягваюцца перамовы",— сказаў Сяргей Румас. "Мы пакуль не хочам паказваць усе карты, каб не нашкодзіць працэсу перамоў", — дадаў старшыня АБФФ.
Ранейшы трэнер беларусаў Аляксандр Хацкевіч пакінуў сваю пасаду на пачатку снежня 2016 года. Кантракт быў скасаваны ў сувязі з дрэннымі вынікамі каманды. Кандыдатамі на ролю галоўнага трэнера разглядаліся вядомыя беларускія спецыялісты Анатоль Байдачны і Алег Конанаў, украінец Віктар Скрыпнік, паводле інфармацыі таксама ў сфэры інтарэсаў былі расейцы Валерый Карпін і Нікалай Пісараў, іншыя спецыялісты. Усе яны з розных прычын адмовіліся ўзначаліць нацыянальную каманду.
Раней "Прессбол" паведамляў, што ў лік кандыдатаў уваходзіць і беларускі спецыяліст Ігар Крывушэнка.