Легендарная гімнастка Вольга Корбут выставіла на аўкцыёне свае алімпійскія медалі
- 24.02.2017, 9:29
Арганізатары аўкцыёну спадзяюцца, што сума продажу перасягне $10 мільёнаў.
Заўтра і паслязаўтра ў Даласе пройдзе аўкцыён Platinum Night («Плацінавая ноч»), галоўнымі лотамі на якім будуць узнагароды чатырохразовай алімпійскай чэмпіёнкі Вольгі Корбут і славутага дзякуючы шматлікім штукам на матацыкле каскадзёра Івэла Кнівэла. Арганізатары аўкцыёну спадзяюцца, што агульная сума продажу перасягне 10 млн даляраў, паведамляе sb.by
Такія падзеі ў свеце адбываюцца нячаста. «Калекцыянеры чакалі 40 гадоў магчымасці набыць скарбы ад Корбут і Кнівэла», — сказаў дырэктар Heritage Sports Collectibles Крыс Іві.
Вольга Корбут асабіста выставіла на аўкцыён сваю шырокую калекцыю ўзнагарод і значкоў, сярод якіх пяць алімпійскіх медалёў з Мюнхена–1972 і Манрэаля–1976, гімнастычны купальнік, які яна надзявала падчас выступу ў Лондане ў 1973 годзе, і значок майстра спорту СССР, уручаны гімнастцы Міністэрствам спорту БССР у 1970 годзе.
Паўдзельнічаць у аўкцыёне праз інтэрнэт на сайце HA.com можа кожны ахвочы.