Прадпрымальнікі патрабуюць утаймаваць манапалістаў і праваахоўнікоў
- 24.02.2017, 9:10
Створаная Лукашэнкам «мадэль» канчаткова спаралізавала справовую ініцыятыву.
У Беларусі на працягу апошніх двух гадоў падаюць даходы і прыбыткі бізнэсу, адзначыў у каментары «Заўтра тваёй краіны» сустаршыня Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальнікаў Віктар Маргелаў.
Паводле звестак Камітэта дзяржаўнага кантролю блізу 40% суб'ектаў прадпрымальніцтва наогул не вядуць сваю дзейнасць.
Рэцэсія, страта рынкаў збыту, падзенне пакупніцкай здольнасці, безупынныя неаплаты прычыніліся да таго, што айчынны бізнэс апынуўся на мяжы выжывання.
Як палепшыць справовы клімат?
Сумленная канкурэнцыя
Прадстаўнікі бізнэс-колаў мяркуюць, што найперш трэба стварыць роўныя варункі для прыватных і дзяржаўных кампаній.
Бізнэс-асацыяцыі плануюць дамагацца забароны дзяржаўным органам, выканкамам, кантрольным і наглядным органам уваходзіць у склад заснавальнікаў і ўласнікаў суб'ектаў гаспадарання. Простая зацікаўленасць дзяржаўных органаў перашкаджае прыватнаму сэктару канкураваць на роўных.
– Калі МНС мае восем прадпрыемстваў, якія займаюцца ўсталяваннем сістэм пажарнай сігналізацыі, то вядома, што, лабіюючы свае інтарэсы, міністэрства падахвочвае арганізацыі ўкладаць дамовы з імі, – адзначае віцэ-старшыня Менскага сталічнага саюза прадпрымальнікаў і працадаўцаў Лілія Коваль.
У якасці яшчэ аднаго прыкладу яна падае дзейнасць РУП «Белтэлекам» - асноўнага дзяржаўнага манапаліста на рынку сувязі.
Са слоў экспэрткі, адлічэнні ў фонд універсальнага абслугоўвання Мінсувязі паступаюць ад усіх прадпрыемстваў, якія працуюць на гэтым рынку. А карыстаецца сродкамі для стварэння сваіх новых пунктаў толькі дзяржаўны манапаліст.
- У такіх варунках канкураваць з ім немагчыма, і невялікія інтэрнэт-правайдэры вымушаныя сыходзіць з рынку, - адзначае Лілія Коваль.
Справядлівыя падаткі
Нацыянальны бізнэс далей наракае на празмернае і складанае падаткаабкладанне.
– Хоць Міністэрства падаткаў і збораў сцвярджае, што ў нас аптымальная падатковая сістэма, для бізнэсу гэта адно з самых балючых пытанняў. У цяперашніх эканамічных варунках, калі вымытыя абарачальныя сродкі, усцяж нявыплаты, падатковы ціск становіцца надмернымі не толькі для малога бізнэсу, але і для буйных прадпрыемстваў, – кажа Лілія Коваль.
Прадстаўнікі справовых колаў таксама мерацца дамагацца скасавання абмежаванняў прыватным кампаніямі выконваць пэўныя тыпы страхавання, даступныя цяпер толькі дзяржаўным прадпрыемствам.
Бізнэс-супольнасці і намагаюць устанаўлення адзінага нарматыву мэтавых адлічэнняў на фінансаванне інспекцыі дэпартамента кантролю і нагляду за будаўніцтвам. Цяпер прыватныя прадпрыемствы адлічваюць 35% ад вартасці работ, а дзяржаўныя – 15%.
Яшчэ адно патрабаванне: вызначыць аднолькавыя правілы ліцэнзавання для дзяржаўных і прыватных арганізацый, якія выконваюць платныя медыцынскія паслугі.
Таксама, на думку прадстаўнікоў бізнэс-асацыяцый, варта заканадаўча ўстанавіць адказнасць прадпрыемстваў і арганізацый за парушэнне тэрмінаў бюджэтных выплат.
– Бюджэтныя арганізацыі з прыватным бізнэсам альбо разлічваюцца ў апошнюю чаргу, альбо не разлічваюцца зусім. У выніку, камяк запазычанасці выбівае з працы шмат якія прадпрыемствы, – падкрэслівае Лілія Коваль.
Прадпрымальнікі мерацца таксама дамагчыся адмены павышальных каэфіцыентаў да базавых ставак падатку на нерухомасць і зямельнага падатку, якія б'юць найперш па бізнэсе.
Парушэнні і пакаранні
Гучныя крымінальныя справы над бізнэсоўцамі – гэта толькі верхавіна айсбэрга, за якой хаваецца вялікая колькасць празмерна суровых пакаранняў за дробныя парушэнні, уважаюць прадстаўнікі бізнэсу.
З іхных слоў, нават за тэхнічныя памылкі ў запаўненні таварных дакументаў у прадпрыемцаў канфіскоўваюць тавар, накладваюцца штрафныя санкцыі і адбіраецца даход.
Прадпрымальнікі прапануюць змяніць некаторыя артыкулы Крымінальнага кодэкса.
Агулам бізнэс падрыхтаваў 86 прапаноў для паляпшэння бізнэс-клімату Беларусі, якія ўвайшлі ў праект Нацыянальнай платформы бізнэсу.
– Больш як палова называных бізнэсам праблем ёсць у праграме пяцігодкі і рэалізаваная канкрэтна ў тэрмінах і адказным у комплексе захадаў для рэалізацыі пяцігодкі, – адзначае намесніца міністра эканомікі Ірына Касцевіч.
Але досвед выканання Дырэктывы аб развіцці прадпрымальніцкай ініцыятывы і стымуляванні справовай актыўнасці, якую бізнэс-супольнасць прыняла з натхненнем, паказвае, што нават прынятыя нарматыўна-прававыя акты часта не выконваюцца.
– Таму ў прадпрымальнікаў ёсць асцярогі, што прагрэсіўныя тэзісы праграмы развіцця малога і сярэдняга бізнэсу застануцца толькі на паперы, – кажа Лілія Коваль.
Дарэчы, нягледзячы на неспрыяльныя варункі для бізнэсу, беларускія прадпрымальнікі істотна папаўняюць скарб.
– Бізнэс, які складае 5% насельніцтва, прыносіць у бюджэт 7,2 мільярда даляраў у выглядзе падаткаў. А калі б ініцыятыўных людзей было 10%, гэта развязала б усе фінансавыя праблемы краіны, не трэба было б прасіць крэдыты, – мяркуе старшыня прэзідыюму Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Уладзімір Карагін.