BE RU EN

Пяцідзённыя туры ў Беларусь каштавацьмуць замежнікам $220 - $550

  • 23.02.2017, 19:37

Беларускія турпакеты неканкурэнтаздольныя коштам у параўнанні з аналагічным прадуктам у суседніх краінах - адпачынак у Польшчы ці Літве каштуе танней.

Кошт пяцідзённага тура ў Беларусь — наземны пакет — вагаецца ад 220 да 550 даляраў у залежнасці ад сэгмэнту і класу адпачынку.

Пра гэта, як інфармуе карэспандэнт агенцтва «Мінск-Навіны», паведаміў на прэс-канферэнцыі 22 лютага старшыня рады Рэспубліканскага саюза турыстычнай індустрыі Беларусі Філіп Гулы.

Паводле ягоных слоў, турыстычны прадукт досыць дыферэнцаваны ў залежнасці ад запытаў турыстаў. Напрыклад, турысты з Еўропы, Амэрыкі жадаюць, каб у турыстычны пакет было ўсё ўключана — разнастайныя нацыянальныя вячэры, забавы і экскурсіі. Прадстаўнікі ж усходніх краін хочуць, каб пакет уключаў толькі базавыя паслугі, а ўсе забавы — за дадатковую плату.

Пры гэтым Гулы адзначыў, што беларускія турпакеты неканкурэнтаздольныя коштам у параўнанні з аналагічным прадуктам у суседніх краінах. Напрыклад, адпачынак у Польшчы ці Літве каштуе танней.

— Не варта чакаць, што ў Беларусь сёлета прыедзе шмат арганізаваных груп турыстаў. Мы цяпер прадаем туры на 2017 год, ён ужо амаль увесь распрададзены, і вялікіх арганізаваных груп турыстаў пакуль няма, — адзначыў Філіп Гулы. — Найперш варта чакаць росту службовага турызму, да нас паедуць бізнэсоўцы і партнёры беларускіх кампаній. Будуць, вядома, і індывідуальныя турысты, спецыяльныя запыты.

Нагадаем, 12 лютага ў Беларусі пачаў дзейнічаць пяцідзённы бязвізавы рэжым для грамадзян 80 дзяржаў пры ўездзе праз Нацыянальны аэрапорт Мінск. Толькі за першы тыдзень гэтай магчымасцю скарысталася больш як тысяча замежнікаў.

Апошнія навіны