BE RU EN

Новыя рахункі шакавалі жыхароў Берасцейскай вобласці

  • 22.02.2017, 13:06

Рахунак павялічыўся, адсотак кампенсацыі насельніцтвам аплаты ЖКП спыніўся на лічбе 44,4%.

У студзені 2017 году Берасцейскі аблвыканкам зацвердзіў новыя тарыфы на некаторыя субсідаваныя тарыфы паслуг ЖКГ. Журналіст Медыя-Палесся наважыў параўнаць, на колькі пацяжэў ягоны студзеньскі рахунак у параўнанні з леташнім, снежаньскім.

Рахунак за снежань 2016

Такім чынам, двухпакаёвая кватэра агульнай плошчай 49,6 квадратных мэтраў, у якой зарэгістраваныя два чалавекі, у доме ёсць ліфт. Лічбы выдаткаў, якія маглі змяніцца, засталіся ранейшымі: аб'ём гарачага водазабеспячэння, цеплазабеспячэння і цвёрдых бытавых адкідаў. А вось сума на аплату вырасла на 4,67 рубля (з 32,23 рублёў да 36,9 рублёў). І адбылося гэта за кошт павелічэння тарыфаў на ацяпленне, гарачае водазабеспячэнне, на тэхабслугоўванне будынка і ліфта, а таксама - на электраэнэргію для абсталявання і ліфтаў, за асвятленне дапаможных памяшканняў.

Рахунак за студзень 2017 года пацяжэў на 4 рублі 67 капеек

Апошні артыкул выдаткаў трохі ўводзіць у зман, бо паводле звестак у квіце плошча дапаможных памяшканняў у гэтым будынку роўная 0 (нулю).

У квіце пазначаная плошча дапаможных памяшканняў - 0 (нуль) кв.м

І яшчэ трохі здзівілі лічбы агульнадамовага выдатку электраэнэргіі. Так, у снежні 2016 года на асвятленне дапаможных памяшканняў і абсталяванне было выкарыстана 551 кВт/г электраэнэргіі, а на ліфт - 790 кВт/г. У студзені 2017 года гэтыя паказанні выраслі да 750 кВт/г, і 1150 кВт/г адпаведна. Цікава, чаму? Людзей у доме не паболела, надвор’е было аднолькавае.

У студзені выдатак агульнадамовай электраэнэргіі чамусьці вырас

Затое, як мінімум, з верасня мінулага года застаецца нязменнай лічба памеру кампенсацыі насельніцтвам аплаты жыллёва-камунальных паслуг - 44,4%. Нейкая дзівосная стабільнасць. Чакаем новых квітоў.

Апошнія навіны