Парламент Вялікабрытаніі прыняў «закон Магніцкага»
- 21.02.2017, 19:42
Чальцы брытанскага парламента аднагалосна ўхвалілі папраўкі да закону, паводле якіх супраць людзей, якія парушаюць правы чалавека, могуць быць уведзеныя санкцыі.
Тэкст паправак апублікаваны на сайце брытанскага ўрада.
Згодна з законам, акты парушэнняў правоў чалавека могуць быць учыненыя як у Вялікабрытаніі, так і за яе межамі.
«Гэты закон выкліча адчувальны страх сярод клептакратаў у Расеі ды іншых краінах з аўтарытарнымі рэжымамі. Многія з іх маюць дарагую ўласнасць у Лондане і думаюць, што яны недатыкальныя.
Прыняцце гэтага закона з'яўляецца вынікам сямі гадоў працы ў імя нябожчыка Сяргея Магніцкага, які раскрыў і даў сведчанні аб шматмільённай карупцыйнай схеме, зладжанай расейскімі афіцыйнымі асобамі, і быў забіты за свае сведчанні»,, — сказаў Уільям Браўдэр, лідар руху «Справядлівасць для Сяргея Магніцкага» і аўтар кнігі «Як я стаў ворагам Пуціна №1».
«Закон Магніцкага» быў прыняты ў ЗША ў снежні 2012 года. Краіна ўвяла санкцыі супраць расейскіх чыноўнікаў, якія маюць дачыненне да загубы адваката Сяргея Магніцкага. Пазней санкцыйны спіс быў павялічаны. У студзені гэтага года Мінфін ЗША распаўсюдзіў дзеянне санкцый, звязаных са «справай Магніцкага», яшчэ на пяць грамадзян РФ.
Санкцыі ўведзеныя ў дачыненні да старшыні Следчага камітэта Расеі Аляксандра Бастрыкіна, следчага Станіслава Гардзіеўскага, бізнэсоўца Дзмітрыя Каўтуна, дэпутата Дзярждумы Андрэя Лугавога і фігуранта праведзенага фондам Hermitage Capital расследавання Генадзя Плаксіна, абвінавачанага ва ўдзеле ў ашуканскіх схемах у якасці намінальнага кіраўніка.
23 снежня прэзідэнт ЗША Барак Абама падпісаў закон аб абаронных выдатках на 2017 год, які абмяжоўвае вайсковае супрацоўніцтва з Расеяй, што надае глабальны статус «закону Магніцкага».