BE RU EN

Беларусы змогуць ездзіць у Аргенціну без візы

  • 21.02.2017, 14:37

На чарзе яшчэ шэраг краін - ад Амана да Філіпін.

У «палату прадстаўнікоў» з саўміна паступіла пагадненне паміж урадамі Беларусі і Аргенціны аб узаемных бязвізавых паездках грамадзян. Пра гэта «Свабодзе» паведамілі ў «парламенцкай» камісіі міжнародных спраў.

Дакумент прадугледжвае, што ўладальнікі ўсіх тыпаў беларускіх пашпартоў цягам каляндарнага года змогуць знаходзіцца ў Аргенціне 90 дзён без візы. Каб пагадненне пачало дзейнічаць, яго трэба ратыфікаваць (а гэта робіцца ў адным чытанні) «палатай прадстаўнікоў». «Дэпутаты» разгледзяць гэтае пытанне на вясновай сесіі, якая традыцыйна пачынаецца 2 красавіка.

Адказваючы на пытанне пра перспектывы пашырэння бязвізавага рэжыму, прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Дзмітрый Мірончык адзначыў:

«Мы вядзем перамовы аб палягчэнні візавага рэжыму з шэрагам дзяржаў. Калі пачынаць здалёк, то ў Азіі я магу згадаць Сінгапур, Малайзію, Філіпіны, Рэспубліку Карэя. Сярод лацінаамерыканскіх краін у актыўнай фазе перамовы з Уругваем, Перу, Гандурасам. У Еўропе - Македоніяй, у Персідскім заліве - Аманам. З усімі гэтымі краінамі мы вядзем перамовы, каб палегчыць візавы рэжым або ўвесці бязвізавы.

Летась увайшоў у дзеянне шэраг такіх пагадненняў. Так, з 25 лістапада мінулага года дзейнічае пагадненне пра бязвізавы рэжым з Бразіліяй», - адзначыў прэс-сакратар.

Апошнія навіны