Косінец: Я не пад хатнім арыштам
- 20.02.2017, 17:46
Чым займаецца былы кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі?
«А вы чулі, што Аляксандр Косінец знаходзіцца пад хатнім арыштам?» - з такім пытаннем патэлефанаваў у рэдакцыю «Народнай Волі» адзін з чытачоў, спаслаўшыся на нейкія «аўтарытэтныя крыніцы».
Газета адшукала былога кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі і наўпрост спытала, на якім ён цяпер небе.
- Аляксандр Мікалаевіч, як вашы справы? Распавядаюць, быццам вы пад хатнім арыштам...
- (Гучна смяецца.) Глупства самае натуральнае! У мяне ўсё выдатна, усё добра. Сачыце за навінамі, чытайце прэсу, глядзіце тэлевізар, хутка ўсё даведаецеся...
- Значыць, усё ж такі рыхтуецеся да новай пасады?
- Вядома!
- Проста ўжо было столькі ўказаў, калі вялікі чыноўнік адпраўляецца ў адстаўку з фармулёўкай «у сувязі з пераводам на іншую працу», а потым быццам раствараецца ў атмасферы. Адзін з яскравых прыкладаў - былы генеральны пракурор Алег Бажэлка...
- Не, у мяне ўсё нармальна.
Паводле інфармацыі «Народнай волі» Косінца чакаюць у Акадэміі кіравання пры прэзідэнце.
Не так даўно Аляксандр Лукашэнка вельмі негатыўна ацаніў дзейнасць установы і фактычна даў каманду змяніць рэктара.