BE RU EN

Brutto выканалі абяцанне і сустрэліся з Navi

  • 19.02.2017, 14:57

Сяргей Міхалок падараваў удзельнікам сёлетняй «Еўравізіі» гітару гарадзенскага майстра Андрэя Кібіня.

У суботу 18 лютага на рэпетыцыйным месцы Brutto адбылася сустрэча каманды Сяргея Міхалка і гурту Naviband. Міхалок падараваў удзельнікам сёлетняй «Еўравізіі» гітару гарадзенскага майстра Андрэя Кібіня.

«Мне гітара вельмі спадабалася па гуку, я быў вельмі здзіўлены, што ў нас у Беларусі ёсць чалавек, які можа вырабляць інструменты сусветнага ўзроўню», — кажа Арцём Лук'яненка ў гутарцы з euroradio.fm.

Navi пачаставалі Brutto нізкакаларыйныя хлебам з гарбузікамі, які спякла мама Ксеніі Жук. Музыкі пілі гарбату з тартамі без цукру, на якіх было напісана Naviband і Brutto.

«Мы хваляваліся, вядома, — успамінае Арцём Лук'яненка моманты сустрэчы. — Міхалок — такі, якім мы яго сабе ўяўлялі: моцны духам і фізічна. Ён сказаў, што яму вельмі спадабалася наша песня, наш вобраз і тое, што мы ўвогуле робім. Таму яны наважылі нас падтрымаць».

Ці будзе Арцём граць на новай гітары падчас выступу на «Еўравізіі» ў траўні, казаць не бярэцца. Маўляў, яшчэ не вядома, якім будзе нумар Naviband і ці патрэбна там будзе гітара наогул. Але, кажа музыка, з Brutto яны дамовіліся быць на сувязі і падтрымліваць адзін аднаго пры неабходнасці.

22 красавіка Naviband дадуць акустычны канцэрт на сцэне Палаца прафсаюзаў.

«Лірычны і інтымны, — тлумачаць музыкі. — Каб людзі маглі прыйсці, пасядзець і паслухаць».

«Еўравізія-2017» пройдзе ў траўні ў Кіеве. Другі паўфінал, у якім выступяць нашы музыкі, адбудзецца 11 траўня.

Апошнія навіны