BE RU EN

Reutrers: Менск закупіў партыю іранскай нафты замест расейскай

  • 16.02.2017, 15:09

600 тысяч барэляў будуць дастаўленыя праз парты Латвіі і Украіны.

Беларусь упершыню набыла партыю нафты з Ірана. Менск знаходзіцца ў пошуку альтэрнатыў пастаўкі расейскай нафты, якія былі скарочаныя ў сувязі з неўрэгуляванай спрэчкай праз запазычанасць за газ.

Беларуская дзяржкампанія «Беларуснафта» набыла 80 тысяч т (больш як 600 тысяч барэляў) нафты з Ірана (прадаўцом выступіла Нацыянальная іранская нафтавая кампанія NIOC), паведамляе Reuters, (пераклад - rbc.ru). Як адзначае агенцтва, угода стала першай для Менска ў набыцці іранскай нафты.

Нафта з Ірана, паводле звестак Reuters, была прададзеная польскай «дачцэ» «Беларуснафты» - кампаніі Beloil Polska. Нафта прыбудзе ў Адэсу і латвійскі Вентспілс, адкуль чыгункай адправіцца ў Беларусь, удакладняюць дзве крыніцы Reuters, знаёмыя з сітуацыяй.

Як адзначае Reuters, Беларусь вымушаная шукаць альтэрнатыўныя крыніцы паставак нафты ў варунках скарачэння паставак нафты з Расеі ў сувязі з неўрэгуляванымі спрэчкамі аб газавай запазычанасці Менска перад Масквой.

3 лютага Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ўлады Беларусі падалі ў суд на Расею ў сувязі са скарачэннем паставак расейскай нафты. «Спрэчка ішла толькі аб газе, а яны пачалі рэзаць нафту. Мы звярнуліся, вядома, у суд паводле нашых дамоўленасцяў», - казаў Лукашэнка на сустрэчы з журналістамі. Дыктатар удакладніў, што «дамовіліся (аб пастаўках нафты з Расеі ў Беларусь) на 24 млн т штогод, да 18 млн т скарацілі, а наогул кажуць, 12 млн будзем пастаўляць».

Яшчэ ў студзені Лукашэнка запатрабаваў ад беларускага ўрада знайсці альтэрнатыўныя крыніцы нафтавых паставак.

Як паведамляў «Камерсант» у пачатку студзеня са спасылкай на дасведчаныя крыніцы, Мінэнэрга Расеі мае намер у першым квартале скараціць нафтавыя пастаўкі ў Беларусь на 12%, да 4 млн т з 4,5 млн т.

Газавая спрэчка, з якой звязанае скарачэнне паставак нафты з Расеі ў Беларусь, пачалася пасля таго, як у пачатку 2016 года бакі не дамовіліся аб зніжэнні тарыфаў на расейскі газ. Са студзеня 2016 года Беларусь стала плаціць менш у аднабаковым парадку. На канец 2016 года запазычанасць у газе Менска перад Масквой складала $425 млн. У 2016 годзе Расея ўжо звярталася да скарачэння паставак нафты, паставіўшы ў Беларусь у чацвёртым квартале 3 млн т нафты замест першапачаткова запланаваных 5,3 млн тон.

Апошнія навіны