BE RU EN

Сярэдзіч прапанаваў Лукашэнку правесці круглы стол улады і апазіцыі

  • 14.02.2017, 0:01

Галоўны рэдактар «Народнай волі» сустрэўся з беларускім кіраўніком.

Пра вынікі сустрэчы Іосіф Сярэдзіч паведаміў у калонцы ў сваёй газеце:

«У мяне адбылася сустрэча з Аляксандрам Лукашэнкам. З вока на вока. Сам-насам.

Амаль трыццаць гадоў прайшло з таго часу, як мы пазнаёміліся. Па-рознаму складваліся нашы стасункі. Шляхі сыходзіліся (разам працавалі ў Вярхоўным Савеце 12-га склікання) і разыходзіліся.

Я папрасіў А. Р. Лукашэнку прыняць мяне з аднае прычыны: сітуацыя ў краіне складваецца такім чынам, што ў небяспецы можа аказацца Беларусь. І яе лёс, лёс нацыі, лёс народа залежыць не толькі ад Аляксандра Рыгоравіча. Многае, вельмі многае залежыць ад кожнага з нас.

Я, шчыра кажучы, не хачу, каб мы страцілі тое, да чаго, ахвяруючы жыццямі, імкнуліся нашы продкі цягам многіх стагоддзяў. Сёння Беларусь - незалежная, суверэнная краіна.

На жаль, можа наступіць (ці ўжо наступіла?) чорная паласа праз мноства абставінаў. Як аб'ектыўных, так і суб'ектыўных. Аналізаваць, рабіць высновы трэба, але не час пасыпаць галаву попелам і не час распальваць варожасць адзін супраць аднаго. У цяжкі, складаны перыяд нам, як ніколі, трэба нацыянальная згода, дыялог.

Усё часцей і часцей у выступах А. Г. Лукашэнкі гучаць словы, што не за гарамі той дзень, калі яго прэзідэнцтва наблізіцца да завяршэння.

Трэба разам знайсці шляхі выхаду з цяжкай сітуацыі, якая склалася ў апошнія месяцы. І вось тут наша размова выйшла на канкрэтныя варыянты магчымага агульнанацыянальнага дыялогу. Я, не паглыбляючыся ў дэталі, накідаў схему таго, як, на мой погляд, можна арганізаваць працу Нацыянальнага круглага стала. Прыклад многіх краін, у тым ліку і нашай суседкі Польшчы, сведчыць, што, калі дзяржава сутыкаецца з надзвычай цяжкімі выпрабаваннямі, яна павінна ў першую чаргу вырашыць лёсавызначальную праблему – з’яднаць грамадства. Тут, дарэчы, трэба ўспомніць народную мудрасць: адна галава - добра, а дзве - лепш. І я прапанаваў Аляксандру Рыгоравічу паспрыяць таму, каб самыя разумныя галовы Беларусі - хай іх будзе сто, дзвесце - селі разам з прадстаўнікамі ўлады за адзін круглы або квадратны стол і падумалі над праблемай, якая сёння хвалюе, трывожыць усіх, хто жыве ў Беларусі: як, пакуль не позна, адвесці тыя пагрозы, якія чорнымі хмарамі навісаюць над краінай?»

Як вядома, раней галоўная рэдактарка сайта Charter97.org Наталля Радзіна звярнулася да Лукашэнкі з прапановамі пайсці на круглы стол з апазіцыяй.

«Добра, што Іосіф Паўлавіч прытрымліваецца такога падыходу, але нагадаю, што мэтай круглага стала ў Польшчы ў 1989 годзе было правядзенне свабодных дэмакратычных выбараў і мірная змена ўлады ў краіне.

Шэраг экспэртаў звязваюць адносную ліберальнасць Лукашэнкі з тым, што ён не атрымаў неабходных сродкаў ад Расеі і Міжнароднага валютнага фонду, і гэта можа прывесці да нейкіх вынікаў.

Круглы стол у Беларусі, як і ў Польшчы, можа быць толькі з рэальнай апазіцыяй і павінен ставіць на мэце мірную змену ўлады праз свабодныя выбары», - пракаментавала Наталля Радзіна.

Апошнія навіны