«Багатым» беларусам пастанавілі падняць камуналку
- 11.02.2017, 9:25
Чыноўнікі ва ўпор не бачаць жабрацкія заробкі беларусаў.
Кошт жыллёва-камунальных паслуг павінен адпавядаць прыбыткам насельніцтва.
Пра гэта заявіў 10 лютага намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Анатоль Калінін падчас выніковай калегіі Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі, паведамляе прэс-служба ўрада.
«У нашай краіне кіраўнік дзяржавы праводзіць палітыку ўважлівага стаўлення да насельніцтва. І кошт камунальных паслуг павінен адпавядаць прыбыткам. Калі прыбыткі растуць, маем усе падставы павялічыць, у адваротным выпадку – не», – адзначыў Анатоль Калінін.
Ён нагадаў, што ў пачатку года планава тарыфы на ЖКП у сукупнасці павялічыліся на 11 рублёў. «Патрабаванне выканана. Ніякіх узрушэнняў не будзе», – падкрэсліў віцэ-прэм'ер.
Паводле ягоных словаў, асноўная задача на 2017 год – павысіць эфектыўнасць і знізіць выдаткі. «Рэзервы ў нас велізарныя. Вялікая праца праведзеная ў 2016 годзе, у 2017-м трэба будзе яшчэ больш зрабіць для зніжэння выдаткаў», – адзначыў Анатоль Калінін.
Віцэ-прэм'ер канстатаваў, што ў найбліжэйшы час запланаваная нарада ў Лукашэнкі, на якой будуць разглядацца вынікі працы ў сферы ЖКГ і досвед Менска ў рэфармаванні сістэмы. «Мы рыхтуемся сур'ёзна да нарады, павінны паказаць новыя рубяжы, на якія арыентаваны ўрад і Менскі гарвыканкам. Ёсць шмат станоўчага, але ёсць і недахопы», – канстатаваў Анатоль Калінін.
Паводле словаў віцэ-прэм'ера, насельніцтва цікавіць пытанне якасці жыллёва-камунальных паслуг. «Паводле статыстыкі, за 2016 год зніжэнне зваротаў у пытаннях якасці паслуг было ўсяго толькі на 1,5%. Мы бачым, што яшчэ шмат працы. Мы ў пачатку шляху павышэння эфектыўнасці і якасці ў сферы жыллёва-камунальных паслуг», – падкрэсліў Анатоль Калінін.
Нагадаем, паводле планаў урада, беларусы ўжо пад канец 2018 года будуць кампенсаваць тарыфы на ЖКП на 100%.
Заробкі ж у краіне сёння ўпалі да 80 – 200 даляраў.