BE RU EN

У Кіеве сквер ля амбасады РФ наважылі назваць імем Барыса Нямцова

  • 9.12.2017, 15:29

Нямцоў быў галоўным хаўруснікам свабоднай Украіны і будучай дэмакратычнай Расеі.

Камісія ў пытаннях перайменавання Кіеўскай гарадской рады ўхваліла прапанову назваць сквер побач з амбасадай Расеі на Паветрафлоцкім праспекце імем Барыса Нямцова.

Аб гэтым 8 снежня паведаміў дэпутат Вярхоўнай рады Дзмітрый Белацарковец.

З ягоных слоў, ініцыятыву яшчэ павінна зацвердзіць Кіеўская рада. «Я ўпэўнены, [пастанова] з'явіцца самым найбліжэйшым часам», - сказаў ён.

«Сцерці з памяці ўкраінцаў і расейцаў імя Нямцова ў Крамля не выйдзе. Ён быў галоўным прыхільнікам свабоднай Украіны і будучай дэмакратычнай Расеі», - заявіў Белацарковец.

Ідэя назваць імем Барыса Нямцова вуліцу ці сквер у Кіеве абмяркоўвалася ўжо ў 2015 годзе, неўзабаве пасля забойства палітыка. Мэр Кіева Віталь Клічко прапаноўваў назваць ягоным імем увесь Паветрафлоцкі праспект, дзе размешчаная амбасада РФ. У кастрычніку 2017-га ён заявіў, што гаворка пойдзе пра скверы.

Расейскі палітык Барыс Нямцоў быў забіты 27 лютага 2015 года ў Маскве, непадалёк ад Крамля. За ягонае забойства былі асуджаныя пяцёра выхадцаў з Чачэніі, яны атрымалі тэрміны ад 11 да 20 гадоў пазбаўлення волі. Вінаватымі яны сябе не прызналі. Меркаваныя заказчыкі забойства знойдзеныя не былі.

Апошнія навіны