BE RU EN

Марцін Шульц прапанаваў стварыць «Злучаныя Штаты Еўропы»

  • 9.12.2017, 12:38

Узмоцнены Еўразвяз можа служыць процівагай правым нацыяналістам.

Былы прэзідэнт Еўрапейскага парламента, лідар Сацыял-дэмакратычнай партыі (СДП) Марцін Шульц прапанаваў больш глыбокую еўрапейскую інтэграцыю, якая да 2025 года прывяла б да стварэння «Злучаных Штатаў Еўропы». Пра гэта ён заявіў 8 снежня падчас з'езду СДП, паведамляе EUObserver.

Паводле ягоных слоў, дзяржавы-чальцы ЕЗ павінны будуць ратыфікаваць канстытуцыйную дамову, што створыць «федэратыўную Еўропу». Тыя, хто адмовіцца ад ратыфікацыі дакумента, аўтаматычна павінны пакінуць блок.

Экс-прэзідэнт Еўрапарламенту перакананы, што толькі ўзмоцнены Еўразвяз можа служыць процівагай правым нацыяналістам, якія апошнім часам дасягнулі поспехаў у Нямеччыне, Аўстрыі, Даніі, Фінляндыі, Францыі і Нідэрландах.

Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон падчас выступу ў Сарбоне 28 верасня прапанаваў правесці да 2024 года маштабную рэформу Еўрапейскага Звязу.

Праграма рэформаў Макрона прадугледжвае стварэнне агульнага для краін еўразоны бюджэту для супольных інвестыцый і забеспячэння стабільнасці ў часы эканамічных узрушэнняў, а таксама ўвядзенне пасады міністра фінансаў і парламенцкага нагляду на еўрапейскім узроўні.

Апошнія навіны