BE RU EN

«Даіць карову пяць разоў на дзень замест двух»

  • 8.12.2017, 10:13

Генадзь Фядыніч пракаментаваў новыя «лісты шчасця».

Старшыня прафзвязу РЭП Генадзь Фядыніч пракаментаваў лісты, у якіх мясцовыя ўлады патрабуюць ад кіраўнікоў прадпрыемстваў «падняць заробкі працаўнікам».

Прадпрымальнік Кірыл Валошын на сваёй старонцы ў сацсетцы размясціў дакумент, у якім адміністрацыя Першамайскага раёна Менска патрабуе ад кіраўнікоў прадпрыемстваў даць справаздачу, ці паднялі яны сваім работнікам заробкі да 1 000 рублёў, а калі не, то растлумачыць, чаму. Ліст змяшчае пагрозлівы напамін «забяспечыць безумоўнае выкананне даручэнняў кіраўніка дзяржавы пад персанальную адказнасць». Аналагічны ліст ёсць і за подпісам старшыні Гарадзенскага гарвыканкама, так што ёсць падставы меркаваць, што такія лісты атрымалі кіраўнікі ва ўсёй Беларусі.

Старшыня незалежнага прафзвязу РЭП Генадзь Фядыніч у каментары praca-by.infо назваў гэтыя лісты «дзеяннямі ў найгоршых традыцыях савецкіх часоў»:

- Такога абсурду не было нават у тыя часы! Няўжо дырэктары прадпрыемстваў не паднімаюць заробак працаўнікам толькі таму, што ў іх няма жадання? Хочацца спытаць у прадстаўнікоў адміністрацый, якія рассылаюць такія лісты: хлопцы, вы што, блёкату аб'еліся? Збярыце кіраўнікоў прадпрыемстваў і паслухайце іх: што ім сёння перашкаджае працаваць? Зрабіце так, каб у іх была канкурэнтаздольная прадукцыя, каб яны працавалі не на старым абсталяванні, а з новымі тэхналогіямі... І вось калі вы ўклалі ў развіццё прадпрыемстваў у сваім рэгіёне, тады і можаце строга запатрабаваць з кіраўнікоў.

Генадзь Федыніч упэўнены, што гэтыя лісты лішні раз прадэманстравалі нізкі ўзровень кампетэнтнасці мясцовых кіраўнікоў:

- Жаданне даіць адну карову пяць разоў на дзень замест двух - гэта ўжо нават не смешна і не сорамна: проста непрыемна, што адміністрацыя дзейнічае так бязглузда: сказаў Лукашэнка - «Падвысіць заробкі!», і яны дублююць загад: «Падвысіць!» няўжо яны забыліся, што ёсць пастанова Саўміна, паводле якой заробак забаронена падвышаць без росту прадукцыйнасці працы?

Лідар незалежнага прафзвязу мяркуе, што для паляпшэння эканамічнага становішча ёсць сэнс прывязваць заробкі кіраўніцтва, у тым ліку і прадстаўнікоў адміністрацыі, да сярэдняга заробку на прадпрыемстве і ў рэгіёне:

- Чаму адміністрацыя не атрымлівае заробак, сярэдні для раёна? Заробак кожнага кіраўніка павінны быць прывязаны да сярэдняга заробку на ягоным прадпрыемстве. Каб у яго быў стымул падвышаць заробкі людзям: бо тады падвысіцца і ў цябе.

На думку Генадзя Фядыніча, штучнае павелічэнне заробкаў немінуча прывядзе да паглыблення крызісу ў эканоміцы:

- Няўжо ніхто не можа набрацца смеласці і паведаміць наверх, што гэта нерэальна: у такім стане эканомікі зрабіць заробкі «па піцьсот»? Калі цяпер зноў заробак «накруцяць», то атрымаюць такія катастрафічныя наступствы, якія ўжо не раз здараліся.

Апошнія навіны