«Я еду туды і працую там, куды не даязджаюць дзяржаўныя СМІ»
- 7.12.2017, 17:25
Незалежная журналістка Вольга Чайчыц не баіцца судоў і штрафаў.
Сёння суд Дзяржынскага раёна прысудзіў журналістку «Белсата» Вольгу Чайчыц і аператара Андрэя Козела да штрафаў сумай 30 базавых адзінак (690 рублёў) з кожнага.
Суддзя Іна Шэйка прызнала іх вінаватымі ў незаконным вырабе і распаўсюдзе інфармацыі (арт.22.9 КаАП РБ).
Рэпарцёрскі дуэт Чайчыц і Козела спецыялізуецца на асвятленні акцый пратэсту, а таксама вострасацыяльных праблем, у асноўным - у рэгіёнах Беларусі. У пачатку лістапада яны падрыхтавалі для «Белсата» сюжэт пра канфлікт паміж чыноўнікамі і хворай жанчынай на Дзяржыншчыне: апошняй не даюць новы дом, хоць яе цяперашняе жыллё было прызнанае непрыдатным яшчэ ў 2009 годзе.
Мясцовыя чыноўнікі заявілі журналістам, што не могуць даць жанчыне новы дом у мястэчку Негарэлае, бо тады «іх абвінавацяць у карупцыі». Менавіта старшыня Негарэльскага сельсавета Васіль Гаркаўчук і спецыяліст у працы са зваротамі грамадзян Дзяржынскага выканкама Аляксей Свірскі выступілі як сведкі на судзе над «белсатаўцамі».
«Сюжэт мне не спадабаўся, бо мяне назвалі «чыноўнікам», для мяне гэта слова абразлівае, я - старшыня сельсавета», - сказаў Гаркаўчук.
8 снежня Чайчыц і Козела зноў будуць судзіць, на гэты раз - за стрым. Гаворка ідзе пра стрым з суда над журналістамі «Белсата» за папярэднія стрымы.
Акрамя таго, праваахоўнікам не спадабаўся рэпартаж карэспандэнтаў аб тым, як менчукі змагаюцца з ушчыльненнем у цэнтры горада. Памежны камітэт збіраецца пабудаваць будынак у двары жылога дома, але яго жыхары не згаджаюцца з такімі планамі дзяржструктуры і папрасілі «Белсат» паказаць іх барацьбу. Сюжэт выйшаў у эфір 16 кастрычніка.
«Часцей за ўсё мы працуем у рэгіёнах Беларусі, людзі звяртаюцца да нас, распавядаюць пра свае праблемы. Я еду туды і працую там, куды не даязджаюць іншыя журналісты. А ўладам пасля гэтага нічога не застаецца, як адрэагаваць. Але замест таго, каб змагацца з рэальнымі праблемамі людзей, яны змагаюцца са мной», - каментуе Вольга Чайчыц вырак суда.
Нагадаем, толькі за гэты год колькасць адміністрацыйных спраў, распачатых у дачыненні да незалежных журналістаў, у тым ліку фрылансераў, якія рабілі сюжэты для нашага тэлеканала, перавысіла 85.