BE RU EN

Беларус трапіў у спіс найлепшых маладых прадпрымальнікаў Forbes

  • 7.12.2017, 15:52

27-гадовы Андрэй Максімаў займаецца распрацоўкай гульняў у амерыканскай студыі Naughty Dog.

Андрэй Максімаў - ураджэнец Беларусі, які жыве ў ЗША - патрапіў у спіс «30 да 30» за 2018 год, складзены часопісам Forbes. Распрацоўшчык згадваецца ў спісе найлепшых у катэгорыі «Гульні».

27-гадовы Андрэй Максімаў займаецца распрацоўкай гульняў у амерыканскай студыі Naughty Dog. У яго ёсць няскончаная вышэйшая адукацыя ў Беларускім дзяржаўным універсітэце. Цяпер ён жыве Лос-Анджэлесе ў ЗША.

«Максімаў - тэхнічны арт-дырэктар Naughty Dog, праслаўленых стваральнікаў такіх блокбастараў, як Uncharted 4, - гаворыцца ў апісанні часопіса. - Пасля працы над Uncharted: The Lost Legacy цяпер ён засяроджаны на доўгачаканым сіквеле The Last of Us: Part II. Андрэй часта чытае лекцыі на скрыжаванні мастацтва і тэхналогій на такіх мерапрыемствах, як Game Developers Conference».

Адказваючы на пытанні анкеты Forbes, Максімаў распавёў, што знайшоў першую працу ў 18 гадоў - і пачаў займацца распрацоўкай гульняў у Wargaming.net. Цяпер на працу ў яго сыходзіць па 70 гадзін на тыдзень. У якасці дэвізу маладзён абраў фразу «Адзінае адрозненне паміж табой і чалавекам, якім ты хочаш быць, - тое, што другі не здаўся, калі ў яго быў шанец».

Часопіс анансаваў рэйтынг як «600 самых яскравых маладых прадпрымальнікаў, лідараў, зорак». У рэйтынг увайшлі некалькі сотняў маладзёнаў з усяго свету. Журы адабрала па 30 чалавек у 20 катэгорыях, такіх як «Адукацыя», «Энэргетыка», «Гульні», «Ахова здароўя», «Музыка» і «Мастацтва і стыль».

Апошнія навіны