BE RU EN

«Калі служыць засталіся адны беларусы, здавалася, што дзедаўшчына знікне»

  • 7.12.2017, 10:09

Камандзір Унутранымі войскамі распавёў аб нестатутных стасунках у беларускім войску.

Намеснік міністра ўнутраных спраў - камандзір унутранымі войскамі Юрый Караеў падзяліўся сваім досведам барацьбы з дзедаўшчынай. Гэта адбылося падчас сустрэчы з выпускнікамі факультэта ўнутраных войскаў Вайсковай акадэміі падчас вучэбна-метадычнага збору.

Як піша часопіс «Спецназ», Караеў адзначыў, што выпадак смерці ў Печах радавога Аляксандра Коржыча паказаў: «Галоўная небяспека ў сферы парушэння статутных правілаў узаемадачыненняў у сучасным войску - гандлёва-грашовыя стасункі паміж вайскоўцамі, а прасцей кажучы, звычайнае вымагальніцтва: грашовыя пералічэнні на банкаўскую картку, «купля» пэўных выгод на службе, карыстанне мабільным тэлефонам з шалёным тарыфам».

Караеў адзначыў, што ў СССР «панавала махровая дзедаўшчына», заснаваная на нацыянальнай варожасці. «Пасля распаду СССР я думаў, што калі будуць служыць адны беларусы, то праблема «нестатутных стасункаў» знікне сама сабой. Але прыйшло засілле сяржантаў. А праз некалькі гадоў зноў вярнулася і розніца ў наборах. Проста ўсе дзейнічалі паводле прынцыпу: з мяне здзекаваліся, і я буду».

Караеў распавёў, што, будучы камандзірам вайсковай часткі, за два тыдні выявіў усю сістэму дзедаўшчыны ў ёй. «На чале ўсіх бясчынстваў» стаяў намеснік камандзіра аднаго з узводаў, старшы сяржант. Паводле слоў намесніка міністра, прычынай парушэння статутных стасункаў, перш за ўсё, з'яўляецца адсутнасць (вакант) камандзіра ўзвода, абыякавасць камандзіра роты, боязь адказнасці з боку камандзіра часткі.

«Калі парушэнне адбылося, то першарадная задача камандзіра ўзвода - паведаміць пра гэта і пазбавіць сябе ад граху ўтойвання», - сказаў Караеў.

На ягоную думку, кожнае злачынства, што адбываецца ў падраздзяленні, - гэта «ўдар па войсках, сілавых ведамствах, дзяржаве і прэзідэнту».

Таксама Юры Караеў назваў асноўнае зло, з якім сутыкаецца малады афіцэр: «1. Алкаголь: колькі дзе і з кім. 2. Грошы: запазычанасці, заклады, гульні. 3. Начное баўленне часу: рэстарацыі, клубы, дыскатэкі».

Апошнія навіны