BE RU EN

Расею адхілілі ад Алімпіяды 2018

  • 5.12.2017, 21:41

«Чыстыя» спартоўцы могуць выступіць пад нейтральным сцягам.

Выканкам Міжнароднага алімпійскага камітэта (МАК) дыскваліфікаваў Алімпійскі камітэт Расеі. У гульнях у Пхёнчане ў 2018 годзе дапушчаны толькі «чыстыя» расейскія спартоўцы, яны выступяць пад алімпійскім сцягам.

Пра гэта гаворыцца ў паведамленні, апублікаваным на сайце МАК, паведамляе РБК.

Спартоўцы з Расеі змогуць узяць удзел у зімовых Гульнях, якія пройдуць у Пхёнчхане (Паўднёвая Карэя) з 9 да 25 лютага, аднак выступаць яны павінны ў белай форме без апазнавальных знакаў. Забаронена iм і дэманстрацыя любой атрыбутыкі краіны, у тым ліку расейскага сцягу і надпісу «Расея». Спартоўцам таксама забаранілі выконваць нацыянальны гімн.

Падчас пасяджэння выканкама ў Лазане былі заслуханы даклады кіраўнікоў дзвюх камісій МАК. Адна з іх, пад кіраўніцтвам Дзяніса Освальда, займалася пераправеркай допінг-пробаў расейскіх спартоўцаў з Алімпіяды-2014 у Сочы. Раней у выніку працы гэтай камісіі Расея пазбавілася 11 узнагарод хатніх Гульняў і страціла першае месца ў медальным заліку: з 33 медалёў у Расеі засталося 22 (10 залатых, 5 сярэбраных і 7 бронзавых).

Другая камісія пад кіраўніцтвам Самуэля Шміда правярала інфармацыю пра меркаванае ўмяшанні расейскіх уладаў у працу дзяржаўнай антыдопінгавай сістэмы.

Інтарэсы Расеі падчас паседжання выканкама МАК прадстаўлялі прэзідэнт Алімпійскага камітэта Расеі (АКР) Аляксандр Жукаў, кіраўнік Незалежнай грамадскай антыдопінгавай камісіі (НГАК) Віталь Смірноў і двухразовая чэмпіёнка свету ў фігурным катанні Яўгенія Мядзведзева.

Раней Жукаў заяўляў, што расейскія спартоўцы на зімовых Гульнях у Пхёнчхане не стануць выступаць пад нейтральным сцягам. «Пазіцыя адназначная ва ўсіх: расейцы пад нейтральным сцягам на Алімпійскіх гульнях выступаць не будуць. Яны будуць выступаць за сваю краіну. Такі варыянт нават не разглядаецца», - казаў Жукаў у пачатку лістапада.

Са сцягам або без: якія варыянты развязання расейскага пытання ёсць у МАК

Прэс-сакратар прэзідэнта Расеі Дзмітрый Пяскоў да пастановы МАК адмаўляўся каментаваць магчымыя варыянты ўдзелу расейскіх спартоўцаў у Алімпіядзе 2018 года.

У 2016 годзе кіраўнік незалежнай камісіі Сусветнага антыдопінгавага агенцтва (WADA) Рычард Макларэн апублікаваў даклад аб ужыванні допінгу расейскімі спартоўцамі, у тым ліку падчас Алімпійскіх гульняў у Сочы.

Эксперт прыйшоў да высновы, што ў Расеі дзейнічала сістэма падмены допінг-пробаў, у якой удзельнічалі супрацоўнікі Цэнтра спартыўнай падрыхтоўкі зборных каманд, Мінспорту, расейскага антыдопінгавага агенцтва РУСАДА, Маскоўскай антыдопінгавай лабараторыі, а таксама супрацоўнікі ФСБ.

У дакладзе ўлічвалася інфармацыя, атрыманая WADA ад Рыгора Родчанкава, які ўзначальваў Маскоўскую антыдопінгавую лабараторыю і з'ехаў з Расеі ў 2016 годзе. Цяпер ён жыве ў ЗША і з'яўляецца інфарматарам WADA. Месца жыхарства Родчанкава не раскрываецца, бо ён знаходзіцца пад абаронай амерыканскіх уладаў.

Апошнія навіны