BE RU EN

Дэкрэт аб «дармаедах» закране не толькі беспрацоўных

  • 5.12.2017, 8:49

Новы дэкрэт можа быць яшчэ больш «дзікім».

Амаль месяц таму, 9 лістапада, міністарка працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч паведаміла пра тое, што праект абноўленага дэкрэта аб «дармаедах» знаходзіцца на разглядзе ў адміністрацыі Лукашэнкі і будзе днямі падпісаны.

Аднак прайшло ўжо без малога чатыры тыдні - а афіцыйнай версіі дэкрэта ўсё няма. Гісторыя пачынае нагадваць падзеі напярэдадні паўстання 1863 года, калі хадзілі чуткі пра розныя царскія ўказы аб скасаванні прыгоннага права, адзін з якіх быў схаваны ад вачэй народа.

Чаму ўлады не публікуюць хоць бы працоўную версію «абноўленага» дэкрэта №3? І якія «сюрпрызы» яны рыхтуюць для беларусаў?

На гэта ды іншыя пытанні Charter97.org адказвае экс-міністр працы Беларусі Аляксандр Сасноў.

- На вашу думку, чаму «новы» дэкрэт №3 дагэтуль не падпісаны Лукашэнкам?

- У хакей жа трэба пагуляць чалавеку, а не чытаць усякую ахінею.

- А калі сур'ёзна - ці будзе гэты дэкрэт падпісаны?

- Ці падпіша, вядома, ён жа Лукашэнка - чаго ж яму не падпісаць... Ён ні перад чым не спыніцца, каб папоўніць скарбніцу, якая ўжо зусім пустая і ў якой не стае сродкаў, каб утрымліваць міліцыю і спецслужбы.

- Міністарка Касцевіч казала, што ў дэкрэце будзе рэалізоўвацца прынцып «Не працуеш - плаціш за паслугі дзяржавы». Што канкрэтна будуць аплачваць беларусы, якім не пашанцавала з працай?

- Ды што хочаце. Напраўду сфер для выкарыстання гэтага дэкрэта знойдуць значна больш, чым мы можам сабе ўявіць.

Давайце возьмем наўскідку, пачынаючы ад самых маленькіх узростам «дармаедаў»: дзіцячы садок, школа, вучоба ў каледжы, потым у ВНУ, паходы да дзіцячага лекара - усё могуць зрабіць платным. Адпачынак пасля вучобы, медыцынскую прафілактыку, пазашкольны вольны час - можна аднесці сюды ж. Месцаў для «творчасці» з мэтай сабраць больш грошай з людзей - процьма. І гэта я не чапаю яшчэ сферы жыцця дарослых «дармаедаў»!

- А наколькі законныя такія паборы? Бо Канстытуцыя забяспечвае права на вучобу, адпачынак, ахову здароўя...

- Разумееце, тэрміны «законна» і «незаконна» ў дачыненні да беларускай сітуацыі - гэта несур'ёзна. Калі ўладам нешта трэба, асабліва грошы, яны будуць пляваць на закон. Такая практыка павялася яшчэ ад камуністаў.

А вось казаць пра тое, што гэта справядліва ці несправядліва, яшчэ мае сэнс. І тут можна сказаць: новы дэкрэт №3 - гэта абсалютна нелагічна, няправільна і несправядліва. Гэта звычайнае рабаванне народа, замаскаванае пад нейкую формулу пра «кампенсацыі паслуг».

- Добра, а як гэта будзе выглядаць на практыцы? Будуць створаныя розныя групы ў дзіцячых садках для «чыстых» і «нячыстых»? Розныя класы ў школах?

- Вельмі падобна да таго. З «дармаедамі», іх дзецьмі і сваякамі будуць рабіць нейкае падабенства лагераў ГУЛАГа. Памятаеце, быў такі «АЛЖИР» - «Акмолинский лагерь жен изменников Родины».

Нешта такоўскае цяпер хочуць практыкаваць у Беларусі. А што вы хочаце ад нашых уладаў? Гэтыя людзі не маю ні гонару, ні сумлення - нічога за душой, акрамя прагі нажывы.

- Ну а самі дарослыя «дармаеды», галовы, так бы мовіць, «дармаедскіх» сем'яў - за што з іх будуць спаганяць плату?

- Ды колькі хочаце ёсць «пунктаў выкарыстання»: за тую ж медыцыну можна браць грошы, за выклік «хуткай». За «камуналку» можна накруціць кошты ў некалькі разоў. Бо дзяржава сцвярджае, што яна за нас частку паслуг ЖКГ аплачвае. А з «дармаедаў» палічаць напоўніцу. Гэта можа тычыцца і ўсялякіх іншых непразрыстых збораў і мыт (а іх у нас у краіне сціжма). Хтосьці «ўзгадае», што ў нас дзяржава нібыта частку дарожнага падатку кампенсуе - і калі ласка, «дармаеды» будуць ездзіць, як замежнікі, выплачваючы на «ўсе застаўкі».

- Але як тады рэалізаваць кантроль за такой вялікай колькасцю плацяжоў? У мінулы раз жа і са звычайным аднаразовым падаткам улады не справіліся.

- Так, гэта ўсё вельмі цікава, бо зусім незразумелы механізм таго, што яны збіраюцца рабіць.

Я не бачу ніякіх тэхнічных момантаў, каб дзяліць людзей на «чэсных» і «нячэсных». Таму мне, як чалавеку з такімі поглядамі, цяжка вызначыць, што ўлады зробяць дзеля рэалізацыі сваіх дзікіх ідэй.

Але, будзьце спакойныя, нешта нарэшце яны прыдумаюць. І адназначна - на сваю карысць і на шкоду народу. Каб «сябе ўлюбёных» не пакрыўдзіць. Каб прывілеяваныя сям'і накарміць - а астатнія пераб'юцца.

У нас у краіне склалася такая сістэма, што аплачваць капрызы ўлады раптам пачынаюць тыя, хто зусім гэтага не чакаў. Возьмем, напрыклад, тых жа аўтааматараў. Каб прывезці добры аўтамабіль - не «вядро з цвікамі» расейскай вытворчасці - трэба заплаціць мыту, якая раўняецца кошту самога аўто. Гэта што - супраць «дармаедаў» прыдумалі? Гэта супраць усіх беларусаў.

Затым аўто трэба паставіць на ўлік - за гэта трэба плаціць. Затым трэба атрымаць медыцынскую даведку. Чым чалавек старэйшы, тым часцей гэта трэба рабіць - і кожны раз плаціць зноў. Затым ідзе гэты ідыёцкі падатак за ўдзел у руху - і яго трэба плаціць. Тэхагляд - таксама плаці. Каму патрэбны наогул гэты тэхагляд? Сёння аўто цэлае, а заўтра ў мяне сапсуўся тармазны шланг - і ўжо аварыя. Тэхаглядам гэтую сітуацыю не прадухіліць. Але ён «патрэбны», каб збіраць з людзей грошы.

Увогуле, у нас цяпер у сацыяльным плане не краіна, а сапраўдны цырк. Думаю, для «дармаедаў» рыхтуюць нешта падобнае да павышэння мыты для аўтамабілістаў: гэта будзе такім жа дзікім, нелагічным, спусташальным і закране не толькі тых, каго цяпер уважаюць за «дармаедаў».

Апошнія навіны