BE RU EN

Менчукі збіраюць подпісы супраць другога «дома Чыжа»

  • 18.12.2017, 12:21

Жыхары сталіцы мяркуюць, што новабудоўля не паважае архітэктурную спадчыну Менска.

На сайце change.org з'явілася петыцыя.

Аўтарка звароту, Людміла Лісоўская, мяркуе, што будаўніцтва ЖК «Парк Чалюскінцаў» трэба забараніць з некалькіх прычын. Па-першае, таму, што катацца на Дзіцячай чыгунцы вакол «вышыннага дома» - гэта «здзек з дзяцей».

«Калі на думку «Менскграда» зямля на гэтай тэрыторыі выкарыстоўваецца нерацыянальна - чаму б не пабудаваць там пазнавальны музей для дзяцей, музеяў у Менску не стае, у адрозненні ад безаблічнага жылля, - піша аўтарка. - Архітэктура 12-15-ці павярховага жылога комплексу знявечыць праспект Незалежнасці. Такі вышынны будынак недапушчальны ззаду будынка станцыі Заслонава, спраектаванага архітэктарам Г. Заборскім у неакласічным стылі ў 1955 годзе... У снежні 2016 года міжнародныя эксперты выказалі сур'ёзную заклапочанасць захаванасцю праспекта Незалежнасці і прапанавалі ўнесці яго ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Жылы комплекс «Парк Чалюскінцаў» - гэта чарговы дом ля Траецкага, які забівае сваім маштабам усю суседнюю забудову, не паважае архітэктурную спадчыну».

Акрамя таго, у петыцыі адзначаецца маральна састарэлае аблічча жыллёвага комплексу («крывое шкло і бэжавая афарбоўка - што можа быць больш маркотным») і адсутнасць каштоўнасці для сучаснага Менска: «Архітэктурная супольнасць здзіўляецца, якім чынам праходзяць узгадненні будынкаў, якія знаходзяцца ў грамадска важных месцах? Хто і чаму узгадняе бяздарныя праекты ўзроўню маскоўскіх пачатку 2000-х? Няўжо Менск не мае права развівацца гарманічна, у адпаведнасці з сусветнымі тэндэнцыямі 21-га стагоддзя?».

Па заканчэнні збору подпісаў петыцыя будзе накіраваная ў адміністрацыю Лукашэнкі, Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва, Камітэт архітэктуры і горадабудаўніцтва Менгарвыканкама Менска.

Забудоўшчыкам жылога комплексу «Парк Чалюскінцаў» з'яўляецца Dana Holdings.

Апошнія навіны