BE RU EN

«Як толькі транспартны падатак пойдзе на нашы дарогі, буду яго аплачваць»

  • 17.12.2017, 14:35

Гісторыя супраціву беларускіх кіроўцаў.

Беларускія кіроўцы з 2014 года сталі выплачваць дзяржпадатак за выдачу дазволу на допуск транспартнага сродку да ўдзелу ў дарожным руху. Плаціць яго трэба, зыходзячы з масы аўтамабіля, ад трох базавых адзінак. А для многіх гэта значная сума.

У сувязі з гэтым некаторыя аўтаўладальнікі проста ігнаруюць працэс тэхагляду. Пра гэта нядаўна распавёў у эфіры тэлеканала «Беларусь 1» намеснік дырэктара «Белтэхагляд» Уладзімір Півульскі. Ён адзначыў, што ў Беларусі з трох мільёнаў аўтамабіляў больш за палову не прайшлі тэхагляд.

- Многія кіроўцы такім чынам не хочуць аплачваць дарожны падатак, - мяркуе Півульскі.

Нядаўна абмяркоўвалі сістэму збору дзяржпадатку і беларускія «дэпутаты» - прапаноўвалася адвязаць выплату падатку ад тэхагляду і ўносіць яго асобнай аплатай, без прывязкі да чаго-небудзь і разбіць на некалькі частак.

Як атрымалася высветліць карэспандэнту «ГС», сёння на ўліку Слонімскага МРЭА 30 222 адзінкі механічных транспартных сродкаў і з іх 30% аўтамабіляў сталі менш праходзіць тэхагляд пасля таго, як увялі дарожны збор.

Карэспандэнтка «ГС» паспрабавала высветліць у слонімскіх кіроўцаў іх меркаванне аб дарожным зборы. Апытанне праходзіла на вуліцах горада. Большасць з апытаных прызналіся, што не праходзяць тэхагляд праз тое, што трэба аддаць вялікую суму на сам дарожны збор. Напрыклад, Мікалай, кіроўца са стажам, адзначыў, што раней ён быў добрасумленным аплатнікам, а цяпер проста не ў стане з прычыны адсутнасці грошай.

- Заробак - 280 рублёў, дык колькі мне трэба адкладаць, каб заплаціць? А з заробку трэба аплаціць камунальныя паслугі, сям'ю пракарміць, у мяне трое дзяцей, аўто кожны месяц таксама сваіх выдаткаў патрабуе - бензін, рамонт і г.д. Цяпер вяртаемся да таго, што аўтамабіль - гэта раскоша, а не сродак перамяшчэння, - растлумачыў мужчына.

Пералік дарог, якія павінны былі адрамантаваць за кошт субвенцыі ў Слонімскім раёне:

- праезд вуліцай Саборнай у Жыровічах - 1,5 км;

- дарога Слонім - Парэчча - Ніз - Едначы - Сянькоўшчына - 1,04-2,6 км;

- пад'езд ад дарогі Азярніца - Клепачы да чыгуначнай станцыі Азярніца - 1,2 км;

- дарога Навасёлкі - Кавалі - 1,1 км.

Усяго 6,1 км дарогі. Прыкладная сума выдаткаў - 782 000 рублёў.

Яшчэ адзін кіроўца адзначыў, што ён не праходзіў тэхагляд ужо трэці год таксама праз тое, што трэба аддаць кругленькую суму.

- Па горадзе я часцей за ўсё хаджу пешшу або выкарыстоўваю грамадскі транспарт, а на сваім аўто выязджаю толькі за горад, і то не кожныя выхадныя. Вось сёння проста спазняўся, давялося выехаць. Таму нарвацца на супрацоўнікаў ДАІ - малаймаверна. Ды і прасцей штраф заплаціць дваццаць тры рублі, чым аддаваць 138 рублёў, - сказаў яшчэ адзін слонімскі кіроўца, Аляксей.

- Мне б хацелася ведаць, на якія дарогі ідуць гэтыя грошы? На гэтае пытанне мне ніхто не можа даць дакладны адказ. Я за тое, каб гэтыя грошы ішлі на мясцовы рэгіён, на дарогі, якімі мы і ездзім. Ну і сума павінна быць пад'ёмнай для людзей. І каб у канцы года мясцовая ўлада рабіла справаздачу, колькі грошай за дарожны збор паступіла ў бюджэт і якія дарогі за гэтыя сродкі былі адрамантаваныя. Як толькі транспартны падатак пойдзе на нашы дарогі і яны стануць лепшымі, я буду яго аплачваць абавязкова, - пракаментаваў свой пункт гледжання слонімец Іван Дабравольскі.

Як пісалася раней на старонках «ГС», фінансы, якія выплачваюць людзі ў дарожны фонд, паступаюць у рэспубліканскі бюджэт. Затым гэтыя грошы ў выглядзе субвенцыі накіроўваюцца ў абласны і раённы бюджэты.

Апошнія навіны