BE RU EN

Беларуская навука не можа ўтрымаць кадры

  • 15.12.2017, 19:07

За апошнія пяць гадоў Беларусь страціла больш за пяць тысяч навукоўцаў.

У Беларусі за апошнія 5 гадоў спецыялістаў, якія займаюцца навуковымі даследаваннямі і распрацоўкамі, стала менш амаль на 5,3 тысячы. Такія высновы можна зрабіць са звестак Белстата ў навуцы і інавацыйнай дзейнасці. Tut.by паглядзеў, як з 2011 года змянілася колькасць навукоўцаў.

У 2011 годзе налічвалася 31 194 работнікі, якія занятыя навуковымі даследаваннямі і распрацоўкамі, а летась - ужо 25 942 чалавекі. Да прыкладу, лік даследчыкаў з 2011 года скараціўся амаль на 2,8 тысячы чалавек. Дактароў навук паменшылася да 631 (-110), а кандыдатаў навук - да 2813 (-337).

Больш за ўсё даследчыкаў працуе па-ранейшаму ў Менску - 12 299 чалавек у 2016 годзе. Для параўнання: у Гарадзенскай вобласці іх усяго 225.

Дапаможнага персаналу за апошнія 5 гадоў у Беларусі таксама паменшылася: з 9 290 чалавек у 2011 годзе да 7 445 чалавек летась. Тэхнікаў таксама стала менш: з 2 236 да 1 618 чалавек.

Большасць занятых навуковымі даследаваннямі і распрацоўкамі па-ранейшаму працуе ў камерцыйных арганізацыях (16 326 чалавек у 2016 годзе), астатнія - у дзяржсектары (6 802 чалавек) і сектары вышэйшай адукацыі (2 810 чалавек). Пры гэтым ва ўсіх гэтых сектарах за апошнія 5 гадоў скарацілася колькасць работнікаў.

Сярэдні заробак спецыялістаў, якія занятыя навуковымі даследаваннямі і распрацоўкамі, у 2016 годзе склаў 1008 рублёў. Для параўнання: у кастрычніку гэтага года гэтыя спецыялісты атрымлівалі ў сярэднім 1 193,9 рубля.

Апошнія навіны