BE RU EN

ЗША выдзеляць сродкі на аднаўленне флоту Украіны

  • 13.12.2017, 18:58

Выдаванне дапамогі прывязанае да прагрэсу Украіны ў рэформе абароннага сектара.

У $350 млн, прадугледжаных у абаронным бюджэце ЗША для войска Украіны, уваходзяць сродкі для частковага аднаўлення ўкраінскіх Вайскова-Марскіх Сіл, пацярпелых пасля захопу расейцамі Крымскага паўвострава. Пра гэта піша прэс-служба сенатара-рэспубліканца Роберта Портмана, вядомага праўкраінскай пазіцыяй падчас расейскай агрэсіі, паведамляе liga.net.

«Папраўкі Портмана, якія атрымалі статус закона, упершыню прадугледжваюць падтрымку ўзмацнення флоту Украіны, моцна пацярпелага пры захопе Расеяй Крыма... ЗША чыняць крытычны крок наперад у гэтай падтрымцы. Вельмі важна ў той час, як расейская агрэсія на ўсходзе Украіны працягваецца з выкарыстаннем тэхнік гібрыднай вайны (такіх як прапаганда і дэзінфармацыя), каб ЗША і NATO аказвалі пастаянную эканамічную, палітычную і вайсковую падтрымку Украіне, якая забяспечыць краіне дэмакратычную будучыню», - гаворыцца ў заяве.

Як пішуць у сенатара, ёсць «даўняя згода абедзвюх партый наконт палітыкі, якую ЗША павінны праводзіць як частку комплекснай стратэгіі падтрымкі Украіны». Портман перакананы, што «незалежная Украіна крытычна важная» не толькі для ўсходнееўрапейскага рэгіёну, але і для амерыканскіх інтарэсаў у гэтай частцы планеты і не толькі.

У яго заяве гаворка ідзе пра тое, што па прынятым законе ў Пентагона і Дзярждэпу будзе «дастаткова часу» (два гады) на тое, каб вылучыць і выдаткаваць сродкі.

Падкрэсліваецца, што вылучэнне дапамогі ад ЗША карэлюе з тым, як хутка і эфектыўна Украіна выконвае ўзятыя на сябе абавязанні па інстытуцыянальным рэформам у абаронным сектары. Асноўныя ўмовы выдавання дапамогі: выхад на самазабеспячэнне, улік маёмасці, значны прагрэс у частцы забеспячэння бяспекі важных і абароненых патэнтамі замежных абаронных тэхналогій. Пентагон абавязваецца прапрацаваць выразную метадалогію, якая дазволіць адсочваць прагрэс Украіны.

У спіс дапамогі ЗША Украіне дададзеныя радары СПА і берагавой лініі абароны, марскія мінныя тэхналогіі, а таксама сродкі процідзеяння марскому мінаванню. Акрамя таго, у пераліку ёсць і іншы інструментарый для прыбярэжнай і берагавой абароны. Гэтыя пункты, падкрэслівае сенатар, адлюстроўваюць найбольш запатрабаваныя Украінай часткі абароннай сістэмы, якія не падаваліся ёй раней.

Акрамя гэтага, прыняты закон спрашчае выкарыстанне дапамогі ЗША па догляду за параненымі вайскоўцамі, а таксама прадугледжвае больш шырокую падрыхтоўку байцоў ВСУ у тактычнай медыцыне.

«Заклікаю адміністрацыю (Трампа) неадкладна даць Украіне увесь інструментар, які ёй патрабуецца», - падкрэсліў Портман.

Апошнія навіны