BE RU EN

Станіслаў Шушкевіч: Гэты з'езд вучоных да навукі не мае ніякага дачынення

  • 13.12.2017, 18:37

Трэба мець інтэлект Лукашэнкі, каб не разумець, што такое навука і якіх грошай яна патрабуе.

У Беларусі праходзіць II З'езд навукоўцаў. У ім бяруць удзел і чыноўнікі высокага рангу. Першы кіраўнік незалежнай Беларусі, навуковец-фізік Станіслаў Шушкевіч не ўважае гэтую падзею важнай для айчыннай навукі.

На думку Станіслава Шушкевіча, усё гэта больш падобна на партыйна-гаспадарчыя сходы, якія праводзіліся ў савецкі час, паведамляе «Радыё Рацыя».

- Навошта гэта трэба? Я сабе не ўяўляю, каб дзве з паловай тысячы людзей сабраць, і пра што можна казаць на такім з'ездзе? Гэта ж не навуковая канферэнцыя. Гэта партыйна-гаспадарчы сход, як было ў савецкі час. Такая прапагандысцкая акцыя, якая, па-мойму, да навукі не мае ніякага дачынення. Там ёсць вельмі прыстойныя людзі, вельмі годныя. А многіх бачыў, якія да навукі малое дачыненне маюць.

Кіраўніцтва дзяржавы ў асобе Лукашэнкі адзначыла, што навукоўцы не апраўдваюць тыя грошы, якія дае на навуку дзяржава. Станіслаў Шушкевіч мяркуе, што грошай на навуку ў Беларусі выдзяляюць відавочна недастаткова, і калі б дзяржава сапраўды хацела развіваць навуку, былі б скарочаныя расходы на сілавікоў, перш за ўсё на службу аховы кіраўніка, бюджэт якой складае велізарную суму.

- Калі расходуецца на ахову кіраўніка 12,5 мільёнаў даляраў у год, а на пэўныя навуковыя праекты вылучаюцца дробязі, то трэба мець інтэлект Лукашэнкі, каб не разумець, што такое навука і якіх грошай яна патрабуе. Так што на непатрэбныя рэчы ў нас выдаткоўваецца значна больш грошай. Навука, я не думаю, што фінансуецца так, каб па-чалавечы развівацца.

Станіслаў Шушкевіч адзначыў, што не ўважае праблемай пераезд многіх беларускіх навукоўцаў за мяжу. Пры цяперашніх умовах многія навукоўцы могуць раскрыць свой патэнцыял толькі за мяжой.

Апошнія навіны