BE RU EN

36 гадоў таму ў Польшчы ўвялі ваеннае становішча

  • 13.12.2017, 15:59

Улады спадзявалася забараніць прафзвяз «Салідарнасць», але перамены ў краіне нельга ўжо было спыніць.

Камуністычны ўрад Польшчы ўвёў ваеннае становішча і забараніў прафзвяз «Салідарнасць» 13 снежня 1981 года.

Загад аб гэтым аддаў тагачасны прэзідэнт Польшчы Войцэх Ярузэльскі.

У гэты дзень з самай раніцы супрацоўнікі тайнай паліцыі і польскай міліцыі прыступілі да арыштаў актывістаў дэмакратычнага руху. На вуліцы гарадоў краіны былі выведзеныя танкі і бронетэхніка, выйшлі ўзброеныя вайсковыя патрулі, улады адключылі тэлефонныя камунікацыі.

Паводле звестак польскага Інстытута нацыянальнай памяці за час дзеяння ваеннага становiшча - са снежня 1981-га да ліпеня 1983 года - загінулі прынамсі 56 чалавек падчас разгону акцый пратэсту. Камісія польскага Сейма, створаная ў 1989 годзе, прыводзіла большыя лічбы: 88 загінулых. Блізу 10 тысяч чалавек, у асноўным актывісты апазіцыйнага прафзвязу «Салідарнасць», былі інтэрнаваныя, дзясяткі тысяч людзей зазналі звальненні з працы і розныя дысцыплінарныя спагнанні.

У ліку тых, хто апынуўся за кратамі, былі і кіраўнік «Салідарнасці» Лех Валенса, які стаў потым прэзідэнтам Польшчы, а таксама шматлікія палякі, якія пасля зрынання камунізму занялі кіроўныя пасады ў краіне.

Да 1988 года, сутыкнуўшыся з сур'ёзнымі хваляваннямі ў польскім грамадстве, Варшава прапанавала «Салідарнасці» і іншым апазіцыйным арганізацыям правесці перамовы. Яны прайшлі з лютага да красавіка наступнага года. Старшынствавалі на перамовах Лех Валенса і міністр унутраных спраў Польшчы генерал Чэслаў Кішчак.

Улады спадзяваліся дамагчыся лаяльнасці з боку лідараў апазіцыі, аднак насамрэч вынікам перамоваў сталі грандыёзныя перамены ў польскім урадзе і грамадстве. Неўзабаве было дэнансаванае Ялцінскае пагадненне 1945 г, якое легла ў аснову падзелу Еўропы на капіталістычны Захад і сацыялістычны Усход, і была зруйнаваная Берлінская сцяна.

Апошнія навіны