BE RU EN

Шэсць расейскіх хакеістак пажыццёва адхіленыя, вынікі зборнай ануляваныя

  • 12.12.2017, 18:25

МАК ануляваў вынік жаночай нацыянальнай каманды Расеі ў хакеі на Алімпіядзе-2014 у Сочы.

Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) пажыццёва адхіліў расейскіх хакеістак Іну Дзюбанок, Кацярыну Лебедзеву, Кацярыну Пашкевіч, Ганну Шыбанаву, Кацярыну Смаленцаву і Галіну Скібу ад удзелу ў Алімпійскіх гульнях за парушэнне антыдопінгавых правілаў на Алімпіядзе-2014 у Сочы, піша segodnya.ua.

Пастанова прынятая паводле вынікаў працы камісіі МАК пад кіраўніцтвам Дзяніса Освальда, якая займалася пераправеркай допінг-пробаў расейскіх спартоўцаў з хатніх Гульняў.

МАК таксама паведаміў, што камісія разглядала справу яшчэ адной спартоўкі, але яна была закрытая без прымянення санкцый. Раней паведамлялася, што камісія разгледзіць справы сямі расейскіх хакеістак-удзельніц Алімпійскіх гульняў.

Акрамя таго, вынікі нацыянальнай каманды Расеі, якая на Алімпіядзе саступіла на стадыі чвэрцьфіналу, ануляваныя.

«Расейская каманда дыскваліфікаваная на жаночым турніры ў хакеі з шайбай, а Міжнароднай федэрацыі хакея адпраўленая просьба ўнесці адпаведныя змены ў вынікі спаборніцтваў», - гаворыцца ў паведамленні МАК.

Такім чынам, агульная колькасць спраў, адкрытых камісіяй Освальда супраць расейскіх спартоўцаў, дасягнула 46. Раней паводле вынікаў працы камісіі Расея была пазбаўленая 11 узнагарод хатніх Гульняў і страціла першае месца ў медальным заліку.

Выканкам Міжнароднага алімпійскага камітэта 5 снежня адхіліў Алімпійскі камітэт Расеі (АКР), такім чынам, расейскага сцяга не будзе на Гульнях 2018. Спартоўцы з гэтай краіны, удзел якіх павінна ўхваліць спецыяльная камісія, змогуць выступіць на Гульнях у Паўднёвай Карэі толькі ў статусе «спартоўца-алімпійца» пад алімпійскім сцягам.

У аўторак Алімпійскі камітэт Расеі прыняў канчатковую пастанову аб удзеле ў Гульнях 2018: спартоўцы паедуць на гульні пад нейтральным сцягам, байкоту не будзе.

Апошнія навіны