Мінадукацыі: Падлетак са спецвучэльні ў Магілёве сам зламаў сабе хрыбетнік
- 12.12.2017, 14:51
Ва ўстанове пракаментавалі збіццё начальствам навучэнцаў спецустановы.
Выхаванец магілёўскай спецвучэльні «атрымаў траўму пры спробе ўцёкаў». Пра гэта паведамілі БелТА ў Міністэрстве адукацыі.
«З наяўнай інфармацыі, са спецвучэльні закрытага тыпу горада Магілёва ўцяклі 6 выхаванцаў. Ва ўстанове выхоўваюцца падлеткі, якія ўчынілі крымінальныя злачынствы ці іншыя супрацьпраўныя дзеянні. Падчас уцёкаў адзін з уцекачоў падчас пераадолення агароджы атрымаў траўму хрыбетніка», - праінфармавалі ў міністэрстве.
Пры паступленні сігналу ад бацькоў аб факце ўцёкаў і збіцця супрацоўнікамі спецвучэльні гэтых падлеткаў прадстаўнікі Міністэрства адукацыі былі накіраваныя для прыняцця захадаў рэагавання. Усе далейшыя пастановы прымаліся супольна з праваахоўнымі органамі.
«Усякі гвалт ва ўстановах адукацыі недапушчальны. Для папярэджання такіх праяў прыняты шэраг кіроўніцкіх і арганізацыйных пастаноў. Гэтае пытанне знаходзіцца на кантролі ў Міністэрстве адукацыі», - адзначылі ва ўстанове.
Нагадаем, крымінальная справа паводле ч.3 арт.426 (перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў) КК распачатая ў дачыненні да дырэктара спецвучэльні і ягонага намесніка, яны затрыманыя і ўзятыя пад варту. Расследаваннем займаецца УСК Магілёўскай вобласці.
Следства выявіла, што двое мужчын падчас высвятлення ў шасцярых выхаванцаў ачоленай імі ўстановы адукацыі абставінаў і прычын самавольнага сыходу з тэрыторыі вучылішча збілі непаўналетніх. Затым яны арганізавалі незаконнае змяшчэнне падлеткаў у пакой, абмежаваўшы тым самым свабоду.