BE RU EN

Мэркель выступіла за «вялікую кааліцыю» на карысць Еўропы

  • 11.12.2017, 18:54

Са слоў канцлеркі ФРГ, Еўропе патрэбны стабільны ўрад у Нямеччыне.

Канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель выступіла за больш хуткае прасоўванне ў кансультацыях аб магчымым стварэнні «вялікай кааліцыі» з сацыял-дэмакратамі, якія павінны пачацца ў сераду, 12 снежня. «Свет чакае, што мы пачнем дзейнічаць», - заявіла яна 11 снежня пасля пасяджэння федэральнай управы сваёй партыі - Хрысціянска-дэмакратычнай уніі (ХДУ). Самыя хуткія і паспяховыя перамовы аб стварэнні кааліцыі яна назвала «гістарычнай неабходнасцю», паведамляе DW.

У пошуках падмурка

Са слоў Мэркель, у ХДУ і Сацыял-дэмакратычнай партыі (СДП) нямала агульнага ў бачанні еўрапейскай палітыкі ФРГ. Стабільны ўрад у Нямеччыне з'яўляецца тым падмуркам, на аснове якога магчыма разам з Францыяй працаваць над будучыняй Еўропы, мяркуе Мэркель. Такім чынам канцлерка зноў дала зразумець, што выступае супраць прапаноў аб фармаванні ў краіне ўрада меншасці, які будзе пазбаўлены гэтай стабільнасці.

Мэркель таксама падтрымала ініцыятыву прэзідэнта Францыі Эмануэля Макрона для абнаўлення і дапаўнення Елісейскай дамовы аб замірэнні і сяброўстве паміж Францыяй і Нямеччынай. Яна была падпісаная 22 студзеня 1963 года прэзідэнтам Францыі Шарлем дэ Голем і канцлерам Нямеччыны Конрадам Адэнаўэрам, яе пяцідзесяцігоддзе краіны адзначалі 4 гады таму. Аднак для гэтай ды іншых ініцыятыў Нямеччыне патрэбны стабільны ўрад, мяркуе Мэркель.

7 снежня дэлегаты федэральнага з'езда СДП пасля шматгадзінных дэбатаў выказаліся за папярэднія кансультацыі з кансерватыўным блокам ХДУ/ХСУ аб фармаванні ўрадавай кааліцыі. Кіраўнікі шэрагу краін ЕЗ таксама ціснуць на старшыню партыі Марціна Шульца з тым, каб ён як мага хутчэй уступіў у кааліцыйныя перамовы.

Апошнія навіны