BE RU EN

Шорцу зноў не даюць спакою бабулі на міні-рынках

  • 11.12.2017, 18:44

Чыноўнік даручыў узмацніць кантроль за гандлем на вуліцы.

На аператыўнай нарадзе ў гарадскім выканаўчым камітэце 11 снежня старшыня Менгарвыканкама Андрэй Шорац даручыў гарадскім службам больш жорстка кантраляваць несанкцыянаваны гандаль. Пра гэта піша агенцтва «Мінск-Навіны».

Паводле слоў галоўнай дзяржаўнай санітарнай лекаркі Менска - галоўнай лекаркі Менскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Нэлі Гіндзюк, максімальны штраф для такіх парушальнікаў складае: для фізічных асоб - 30 базавых адзінак, юрыдычных асоб - 200 базавых адзінак.

Са звестак начальніка ўправы гандлю і паслуг Менгарвыканкама Ніны Емяльянавай, на незаконных прадпрымальнікаў складзена ўжо больш за 1 500 пратаколаў. Гэтыя грамадзяне атрымалі штрафы ад 5 да 50 базавых адзінак.

- У горадзе ёсць месцы, дзе ўвесь час гандлююць з зямлі. Напрыклад, каля гэтэля «Арбіта», на вуліцы Валгаградскай размясціліся цэлыя гандлёвыя шэрагі. Там прадаюць што хочаш - рыбу, мяса, сала. Такія «прадпрымальнікі» стаяць ужо нават на праспекце Пераможцаў. Гэтую практыку пара заканчваць, - адзначыў Шорац.

Старшыня Менгарвыканкама даручыў адказным службам - санітарнай, падатковай, а таксама праваахоўнікам, кіраўнікам адміністрацый раёнаў горада ды іншым - разабрацца з сітуацыяй.

Апошнія навіны