BE RU EN

Мікалай Статкевіч: Рэжым звар’яцеў

  • 11.12.2017, 14:30

11 снежня адбудзецца суд над актывістам «Народнай Грамады» Аляксеем Скрыпнікам.

Пра гэта ў сваім «Фэйсбуку» паведаміў лідар Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу Мікалай Статкевіч:

«Рэжым звар’яцеў - актывістаў пачынаюць судзіць за няўдзел у акцыях пратэсту.

Сёння а 16.30 у судзе Заводскага раёна Мінска будуць судзіць нашага таварыша па «Народнай Грамадзе» Аляксея Скрыпніка за Марш абураных беларусаў 2.0.

Аляксей удзельнічаў у папярэдніх акцыях, тэрмін адказнасці за якія (два месяцы) ужо мінуў. Але акцыю 21 кастрычніка ён як раз прапусціў.

Безумоўна, у судзе два робаты з алавянымі вачыма будуць нудзіць: «Махаў рукамі, выкрыкваў лозунгі», а «суддзя» зробіць выгляд, што верыць іх хлусні. Але мы разумеем - Аляксея судзяць за няўдзел.

Мы адразу адкідаем аргумент, што рэжым штрафамі хоча паправіць сваё фінансавае становішча. Бо ўсіх штрафаў за ўсе акцыі не выстарчыць на адзін залаты ўнітаз ў адной з рэзідэнцый «перасідэнта». А тыя, хто калісьці хадзіў «за хлеў», чамусьці вельмі любяць залатыя ўнітазы.

Наконт запалохвання - таксама не той варыянт. Аляксея гэтым не запалохаеш.

Застаецца толькі адна прычына такога дзіўнага «суда». Кампанія «навядзення парадку на зямлі», якую праводзіць улада, нарэшце дабралася да апазіцыі. Бо сапраўды, становішча простых людзей у краіне ўсё пагаршаецца, а значная частка апазіцыі, якую яшчэ называюць «пакаёвай апазіцыяй», толькі робіць выгляд, што змагаецца за народ. Толькі заявы пішуць і на «выбары», дзе галасоў не лічаць, ходзяць. Спадзяюцца, што ўлада іх «дэпутатамі» абярэ. Хоць вядома, каго яна можа выбраць.

Калі няма выбараў, то сапраўдная апазіцыя абавязаная выводзіць людзей на вулічныя пратэсты. А гэтыя калі і выйдуць на вуліцу, то толькі ў якім-небудзь Брусэлі.

Таму ўлада і пачала штрафаваць іх за невыкананне сваіх абавязкаў. Але ж не з таго пачынаеце - Аляксей толькі адну акцыю прапусціў. З кім не бывае.

А калі без жартаў - прыходзьце падтрымаць мужнага і годнага чалавека Аляксея Скрыпніка. 11 снежня а 16.30 - суд Заводскага раёна (пр-т Партызанскі, 75А), каб. 37», - заявіў лідар БНК Мікалай Статкевіч.

Апошнія навіны