BE RU EN

Эксперт: Дагэтуль невядома, на што ідуць сродкі ад «аўтапабору»

  • 11.12.2017, 12:38

Каля паловы ўладальнікаў зарэгістраваных у Беларусі аўтамабіляў ігнаруюць патрабаванне тэхагляду.

Як заявіў намеснік начальніка прадпрыемства «Белтэхагляд» Уладзімір Півульскі, 1 мільён 200 тысяч транспартных сродкаў своечасова не прайшлі тэхагляд.

Падставай да абмеркавання сітуацыі стала рэзанансная аварыя 2 снежня насупраць гандлёвага цэнтра «Замак» у Менску, калі грузавік ЗІЛ наехаў на пешаходаў, якія ішлі на зялёны сігнал святлафора. У выніку 11-гадовая дзяўчынка загінула на месцы, чатыры чалавекі патрапілі ў бальніцу, паведамляе «Радыё Свабода».

Экспертыза пацвердзіла словы кіроўцы: у машыны адмовілі тармазы. Пазней стала вядома, што ад 2015 года гэты аўтамабіль не праходзіў дзяржаўны тэхагляд.

«Дагэтуль невядома, на што ідуць сродкі»

Старшыня Асацыяцыі кіроўцаў і ўладальнікаў аўтатранспарту Алег Маркевіч кажа, што такую сітуацыю прадказвалі адразу пасля таго, як у 2013 годзе Лукашэнка падпісаў закон аб дзяржаўнай мыце на допуск аўтамабіляў да дарожнага руху.

«Пабор на аўтамабіль», як яго адразу ахрысцілі людзі, спаганяецца ў час праходжання тэхнічнага агляду. Уладальнікі аўтамабіляў узростам да 10 гадоў плацяць адразу двайную суму, бо праходзяць працэдуру раз у два гады.

Сума новага падатку - ад 3 да 25 базавых велічынь, залежыць ад масы аўто і яго прыналежнасці фізічнай або юрыдычнай асобе. У сярэднім сума падатку за год да 200 рублёў.

«Улады павінны перагледзець гэтую бессэнсоўную прымусовую даніну, бо напал у грамадстве падступае да крытычнай адзнакі, - мяркуе Алег Маркевіч.- Аўтамабіліст - гэта сярэдні клас ці, прынамсі, блізкая да яго праслойка. 3 мільёны прыватных аўтамабіляў памножце хаця б на аднаго кіроўцу. Ужо атрымаеце палову з тых, хто мае права голасу».

Са слоў Алега Маркевіча, магчыма, дзяржаўная мыта ўспрымалася б не так негатыўна, калі б, па-першае, яе сума адпавядала заробкам, а па-другое, калі б людзям зразумела патлумачылі, куды ідуць грошы.

«Дагэтуль невядома, на што ідуць сродкі, - кажа ён. - Падобна на тое, што падатак уведзены, каб закрываць іншыя дзіркі - груба кажучы, рамантаваць дубінкі амапаўцам, якія хутка сціраюцца. У любым выпадку мы гэтыя грошы не ўбачым, бо падатак віртуальны - каб набіваць дзіравыя кішэні ў іншых галінах. Трохі перафразую нябожчыцу Валерыю Навадворскую, якая казала пра камуністаў, але падыходзіць і нашым кіраўнікам: дайце нашаму ўраду ў арэнду Сахару, то праз год трэба будзе завозіць туды пясок...».

Эксперт перакананы, што гэта адбываецца праз тое, што ў Беларусі «няма падзелу ўладаў: што хочуць, тое і вернуць».

На ўліку ў Дзяржаўтаінспекцыі Беларусі стаіць блізу 4 мільёнаў адзінак тэхнікі, у тым ліку легкавыя, грузавыя аўтамабілі, спецмашыны, матацыклы і г.д.

Апошнія навіны