BE RU EN

Мянчанка паказала свае вясёлыя скетчы пра жыццё Камароўкі

  • 10.12.2017, 16:36

Скетчы мянчанкі перамаглі ў конкурсе, які рабіла маскоўская мастачка для сваіх сяброў і падпісчыкаў інстаграма.

Кожныя выходныя citydog.by паказвае вам незвычайныя і смешныя малюнкі з жыцця Менска. Сёння – трохі прыгажосці пра Камароўку.

Гэтыя скетчы з'явіліся ў інстаграме менскай ілюстратаркі Лізаветы Емяльянавай яшчэ месяц таму. Дзяўчына схадзіла на Камароўку і зрабіла некалькі замалёвак з натуры – у выніку атрымаліся шыкоўныя ілюстрацыі пра жыццё самага вялікага рынку краіны.

– Скетч – гэта фактычна накід, але рабіць яго не так і лёгка, – прызналася мастачка, у якой за спінай мастацкая школа і Акадэмія мастацтваў. – На жаль, нас такім рэчам не вучылі – мы малявалі пастаноўкі, партрэты, усё такое акадэмічнае.

Спачатку было складана рабіць скетчы, я практыкавалася недзе год. Уявіце: вы бераце маркер або лінер – не выбудоўваеце, не вызначаеце кампазіцыю, а адразу схопліваеце сюжэт, характары і фіксуеце іх на паперы.

У ідэальным выпадку скетч ствараецца блізу 15 хвілінаў, але ў выпадку з Лізаветай даходзіла да паўгадзіны: не ўсе прадаўцы Камароўкі радаваліся, калі бачылі, што дзяўчына іх малюе. Таму ёй даводзілася рабіць гэта, прыкрываючыся пакетамі з прадуктамі. А заканчвала яна свае працы дома.

«Гэтая бабуля была ну вельмі каларытная: яна прадавала хатні часнок, і ў яе на твары былі невераемныя чырвоныя вусны, – піша Лізавета тлумачэнне да скетча ніжэй. – А калі да яе падышла група карэйцаў і паспрабавала нешта тлумачыць... Карацей, вы зразумелі!»

«Думаю, вы ведаеце, як прадаўцы на рынку не любяць, калі ты сам выбіраеш садавіну. А ўжо тым больш калі гэтыя прадаўцы з Тэхаса».

Дарэчы, скетчы мянчанкі перамаглі ў конкурсе, які рабіла маскоўская мастачка для сваіх сяброў і падпісчыкаў інстаграма. А Лізавета тым часам выкладае скетчынг у Менску.

Апошнія навіны