BE RU EN

Кіроўца аўтобуса, які скокнуў у Нёман, прыйшоў у прытомнасць

  • 5.11.2017, 9:14

Цяпер Сяргей Барташэвіч знаходзіцца ў рэанімацыі.

Кіроўца, які 4 лістапада спыніў аўтобус пасярэдзіне Старога моста ў Горадні і скокнуў з вышыні 30 метраў у ваду, апрытомнеў у лякарні хуткай медыцынскай дапамогі, куды яго даставілі пасля здарэння. Цяпер ён у рэанімацыі, ягоны стан ацэньваецца як стабільна цяжкі, піша «Гродзенская праўда».

Мужчыну зрабілі кампутарную тамаграфію, якая паказала пералом рэбраў.

Стала вядома, што яго завуць Сяргей Барташэвіч, яму 57 гадоў. У аўтапарку кажуць, што мужчына працуе там блізу 20 гадоў. Праблем раней ніякіх не было. Алкаголем кіроўца таксама «не захапляўся».

Надзвычайнае здарэнне адбылося на вачах у пасажыраў аўтобуса і мінакоў 4 лістапада. 57-гадовы кіроўца аўтобуса спыніўся на мосце на вуліцы Гарнавых, выйшаў з кабіны, падышоў да парэнчаў моста і скокнуў у раку.

- Дзяжурная выратавальная служба цэнтральнай станцыі «ОСВОД» атрымала сігнал ад МНС і адразу ж накіравалася да моста.

Ратавальнікі заўважылі чалавека ў 300 метрах ад месца падзення. Ён захлынуўся вадой, але на беразе пасля надання дапамогі пачаў дыхаць, - распавёў старшыня абласной арганізацыі Беларускага таварыства выратавання на водах Сяргей Вінаградаў.

Адлегласць ад парэнчаў да вады ля Старога моста цяпер складае 30-35 метраў, адзначылі ў МНС. Прычыны здарэння высвятляюцца.

Апошнія навіны