BE RU EN

Як трапіла «кап’ё ліцвінскае» пад Маскву?

  • Дзяніс Буркоўскі, budzma.by
  • 29.11.2017, 11:47

Гэтая перамога, вядома ж, не Грунвальд, але ведаць пра яе трэба.

21 лістапада 1368 года войска Вялікага Княства Літоўскага на чале з Альгердам практычна знішчыла перадавы полк Маскоўскага княства пад Троснай і крыху пазней падышло да самай Масквы. З тых часоў фраза «Кап’ё ліцвінскае стаяла пад Масквой» мільгае ў інтэрнэце рэгулярна, што, зрэшты, не дадае ведаў пра канфлікт, падчас якога гэтае «стаянне» адбылося. Вядома, гэта далёка не Грунвальд, але ведаць пра яго не зашкодзіць.

У другой палове XIV стагоддзя на ўсходзе Еўропы вырасталі і мацнелі дзве дзяржавы, якім наканавана будзе ў будучыні вызначаць палітыку ўсяго рэгіёна, — Вялікія Княствы Літоўскае і Маскоўскае. Супрацьстаянне паміж імі яшчэ не было настолькі крытычным, як праз стагоддзе, але ўжыцца двум патэнцыйным гегемонам было нялёгка. Свае перавагі былі ў абодвух — Вільня была незалежная ад Арды і не абавязаная плаціць ёй даніну, сілы Масквы не знясільвала бясконцая вайна з Тэўтонскім ордэнам. У сярэдзіне стагоддзя паміж бакамі ўсталяваўся кампраміс: князь Альгерд ажаніўся з сястрой маскоўскага князя Ульянай, яго браты Любарт і Карыят таксама заключылі шлюб з князёўнамі з «маскоўскай» партыі.

Але час няўмольна расстаўляе ўсё па сваіх месцах — «звышдзяржава» Еўразіі Залатая Арда губляла пазіцыі, і ў яе паслабленні бачылі шанец для ўласнага ўзмацнення і Альгерд, і Іван Красны, які кіраваў тады ў Маскве. Калі маскоўскі князь усё больш актыўна ціснуў на Смаленск, імкнучыся падпарадкаваць яго сваёй уладзе, то, Альгерд у 1355 годзе далучыў да дзяржавы Ржэў, праз год у склад ВКЛ увайшлі бранскія землі. Крохкі мір паміж вялікімі княствамі быў практычна парушаны — ужо у 1358 годзе паміж бакамі пралілася кроў, калі атрад ВКЛ быў выбіты з Ржэва.

Калі Альгерд быў больш паспяховы ў тэрытарыяльных захопах, то апаненты яго бралі царкоўнай палітыкай: князя Дзмітрыя (будучага Данскога), які ўступіў на пасад у 1359 г. ва ўзросце ледзь за дзесяць гадоў, у яго дзеяннях падтрымліваў і накіроўваў мітрапаліт Кіеўскі і ўсяе Русі Аляксій. З Альгердам ён быў не ў найлепшых адносінах, мабыць, не разумеючы, чаму вялікі князь упарта застаецца паганцам, калі ёсць такі раскошны шанец выратаваць сваю душу. У цэлым Альгерд супраць хрышчэння не пярэчыў, але хацеў за гэта істотных прэферэнцый, у прыватнасці падкантрольнай мітраполіі. У адзін час ён яе нават атрымаў, але так і не хрысціўся ў праваслаўе, мабыць, вырашыўшы дабіцца яшчэ большых саступак. Праваслаўныя іерархі не ацанілі, і пасля смерці мітрапаліта Рамана ў 1361 годзе князю проста «не працягнулі» мітраполію.

Уплыў малалетняга Дзмітрыя і Масквы рос і на іншых «франтах». Спачатку суздальскі князь Дзмітрый саступіў свайму маскоўскаму цёзку ў спрэчцы за ўладзімірскае вялікае княжанне — на той момант самае прэстыжнае ў паўночна-ўсходняй Русі. Затым той жа Дзмітрый аддаў за маскоўскага князя дачку і адабраў Ніжні Ноўгарад у Барыса, зяця Альгерда — з гэтага часу ў Масквы не было моцных супернікаў на ўсходзе. Наступным крокам была Цвер.

Супрацьстаянне Маскоўскага і Цвярскога княстваў заняло большую частку XIV стагоддзя — ад гэтага «дэрбі» залежала, хто будзе ў выніку збіральнікам зямель паўночна-ўсходняй Русі. ВКЛ, зразумела, не магло застацца ўбаку і актыўна падтрымлівала тое з княстваў, якое было ў дадзены момант зручнейшым для Вільні. У 60-я гады гэта была Цвер. Масква актыўна ціснула, умацаваўшы сваё становішча ў 1367 годзе («умацаваўшы» ў самым літаральным сэнсе — замест драўлянага Крамля быў пабудаваны мураваны), у тым жа годзе Дзмітрый і мітрапаліт Алексій падтрымалі непакорлівых васалаў цвярскога князя Міхаіла — Васіля і Ерамію. У апошніх атрымалася заняць Цвер, і князь вымушаны быў бегчы да Альгерда. Вялікі князь Літоўскі дапамог калегу вярнуцца ў Цвер, але праз год на гэты горад пайшоў вайной ужо сам Дзмітрый Маскоўскі, і Міхаіл зноў аказаўся каля Альгерда на становішчы выгнанца.

Для Альгерда гэта было ўжо занадта. Час міру з Масквой застаўся ў мінулым, вялікі князь пачаў збіраць войскі для паўнамаштабнай вайны. У лістападзе 1368 года армія ВКЛ, падтрыманая войскамі Цверы і Смаленска, перасекла маскоўскую мяжу. Значнага супраціву Дзмітрый аказаць не змог — атака была раптоўнай. 21 лістапада дарогу Альгерду заступіў на рацэ Тросне перадавы полк Масквы з ваяводамі Дзмітрыем Мініным і Акінфам Шубам. Бітва на Тросне скончылася поўным разгромам, маскоўская конніца была знішчаная, абодва ваяводы загінулі. Ёсць імавернасць, што менавіта ў гэтай бітве атрымаў баявое хрышчэнне юны сын князя Кейстута, васямнаццацігадовы Вітаўт.

Так і не здолеўшы сабраць войскі, Дзмітрый Маскоўскі быў вымушаны, каб выратавацца, замкнуцца ў нядаўна пабудаваным Крамлі — пакуль воіны Альгерда трое сутак рабавалі яго наваколлі. Штурмаваць крэпасць князь нават не стаў спрабаваць — пры тагачасным узроўні аблогавых тэхналогій гэта было рызыкоўна.

Поспех Альгерда быў поўны, нягледзячы на тое, што ў выніку войскі ВКЛ вымушаныя былі сысці з межаў Маскоўскага княства, Дзмітрыю давялося пайсці на сур’ёзныя саступкі. Міхаіл Цвярскі зноў зацараваў на сваіх уладаннях, яго мяцежны васал Ерамія быў выдадзены на суд, а Масква паабяцала не ўмешвацца больш у справы Цверы. Альгерду і Кейстуту гэтае перамір’е таксама было патрэбнае — «усходні фронт» быў не адзіным для Княства, з захаду моцна ціснулі крыжакі.

Абяцанняў Дзмітрый не стрымаў. Ужо з 1370 года маскоўскія атрады атакавалі Бранск і Цвер, і Міхаіл зноў збег да Альгерда. Апошні разам з Кейстутам у лістападзе 1370 года зноў выступіў на Маскву, зноў разграміў перадавыя атрады ворага, гэтым разам пад Валакаламскам, і зноў падступіў да самой сталіцы. Аблога Масквы цягнулася восем дзён, і толькі весткі аб тым, што ў тыле арміі збіраецца кааліцыя з маскоўскіх, суздальскіх і разанскіх атрадаў, змусіла адступіць. Бакі заключылі перамір’е да сярэдзіны лета 1371 года. Далейшыя ваенныя дзеянні не далі асаблівага плёну ні аднаму боку, і быў заключаны мір, у чарговы раз змацаваны шлюбным саюзам — стрыечны брат Дзмітрыя Уладзімір ажаніўся з князёўнай Аленай Альгердаўнай.

Вынікі вайны, якія скончылі ў 1372 годзе, цяжка назваць адназначнымі. З аднаго боку, воіны ВКЛ двойчы аблажылі Маскву, а праціўнік ні разу не ўварваўся глыбока ў землі княства. З іншага — аказаць паўнавартасную дапамогу цвярскому князю Міхаілу так і не ўдалося, і сваё кіраванне ён завяршаў ужо ў ролі малодшага партнёра ўладароў Масквы. Магчыма, калі б Дзмітрый Маскоўскі быў адзіным супернікам Альгерда, гісторыя пайшла б па-іншаму…

Дзяніс Буркоўскі, budzma.by

Апошнія навіны