BE RU EN

Кіраўнік Каталоніі высунуў Мадрыду ўмову

  • 24.11.2017, 19:08

Карлес Пучдэмон заявіў пра гатоўнасць сустрэцца з кіраўніком урада Гішпаніі, але ў Брусэлі.

Кіраўнік Каталоніі Карлес Пучдэмон заявіў, што гатовы сустрэцца з прэм'ер-міністрам Гішпаніі Марыяна Рахоем.

Аднак, са слоў Пучдэмона, гэтыя перамовы павінны адбыцца ў Брусэлі, паведамляе DW.

Палітык чарговым разам падкрэсліў, што не мае намеру прасіць палітычнага прытулку ў Бэльгіі.

Ён нагадаў, што добраахвотна здаўся бэльгійскай паліцыі пасля таго, як Мадрыд выдаў еўрапейскія ордэры на яго арышт і арышт сябраў яго ўрада.

Пучдэмон сцвярджае, што не бег і не спрабуе пазбегнуць правасуддзя.

На пытанне, ці гатовы ён апынуцца ў турме, калі суд ў Бэльгіі ўхваліць яго экстрадыцыю ў Гішпанію, Пучдэмон адказаў, што «не мае альтэрнатывы» і не хацеў бы быць уцекачом, але імкнецца абараніць свае правы.

Акрамя таго, Пучдэмон абвінаваціў улады Гішпаніі ў адсутнасці прапаноў для развязання крызісу ў Каталоніі.

У той жа час ён дапускае магчымасць паразумення з Мадрыдам: «Мы сказалі: мы пачуем вашы прапановы, калі вы пачуеце нашы. І, магчыма, на аснове ўзаемнага прызнання мы дасягнём прагрэсу і знойдзем кампраміс, які нас задаволіць».

Пучдэмон дадаў, што «дэмакратычны раскол» у Каталоніі не трэба драматызаваць.

«Гэта нармальна, што ёсць каталонцы, якія хочуць незалежнасці, і ёсць тыя, хто не хочуць. Але з чым згаджаецца пераважная большасць? З тым, што мы хочам галасаваць за сваю будучыню», - мяркуе ён.

1 кастрычніка ў Каталоніі прайшоў непрызнаны Гішпаніяй і Еўразвязам рэферэндум аб незалежнасці рэгіёна. Каталонскія ўлады заявілі, што за аддзяленне прагаласавала 90,18%, супраць - 7,83% пры прыходзе 43,03%.

27 кастрычніка парламент Каталоніі абвясціў пра незалежнасць ад Гішпаніі, нягледзячы на пратэст з боку афіцыйнага Мадрыда.

У адказ на гэта Верхняя палата парламента Гішпаніі падтрымала скасаванне паўнамоцтваў аўтаномнага ўрада Каталоніі, а Кабінет міністраў Гішпаніі прыняў пастанову распусціць парламент і ўрад Каталоніі.

Пасля гэтага Пучдэмон і яшчэ некаторыя каталонскія палітыкі выехалі ў Брусэль.

3 лістапада пракуратура Бэльгіі атрымала ордэр на арышт Пучдэмона, які накіравалі ўлады Гішпаніі.

Перад гэтым Нацыянальная судовая калегія Гішпаніі арыштавала васьмярых адхіленых міністраў урада Каталоніі, а дзяржаўны пракурор запрасіў еўрапейскі ордэр на арышт для былога лідара Каталоніі Карласа Пучдэмона і яшчэ чатырох чыноўнікаў, якія не з'явіліся на суд.

Апошнія навіны