BE RU EN

З'явілася відэа перастрэлкі з рабаўніком банка ў Магілёве

  • 22.11.2017, 11:59

Менш чым за хвіліну на відэа чуваць блізу 30 стрэлаў.

На відэа белы аўтамабіль, на якім уцякаў рабаўнік, пераследуюць два аўтамабілі з міліцыяй - адзін міліцэйскі, другі - «Шкода» цывільнай афарбоўкі, паведамляе «Еўрарадыё».

Відаць, што белы аўтамабіль са зламыснікам спыніўся, і мужчына садзіцца на месца кіроўцы. У момант, калі ён зачыніў дзверы, з ім параўняўся аўтамабіль міліцыі, а белая "Шкода" з міліцыянтамі падрэзала спераду. Пасля гэтага рабаўнік выскачыў з аўто і пабег наперад. У гэты момант адзін з міліцыянтаў крыкнуў: «Зброя!» Пасля гэтага прагучала з дзясятак стрэлаў.

Рабаўнік пабег наперад, за ім пачалася пагоня на двух аўто. «Шкода» напаткала яго і падбіла, ад чаго мужчына ўпаў на зямлю. Затым ён падняўся, стрэліў у міліцэйскае аўто і пачаў уцякаць. У гэты момант пачалася перастрэлка.

Сам момант затрымання на відэа не трапіў.

Усяго менш чым за хвіліну чуваць да 30 стрэлаў.

Нагадаем, 20 лістапада мужчына з пісталетам зайшоў у банк на вуліцы Каліноўскага ў Магілёве і паспрабаваў абрабаваць яго. Калі да будынка прыбылі праваахоўнікі, нападнік узяў пяць закладнікаў і запатрабаваў аўтамабіль. На аўто з міліцыянтам, якія былі ў закладніках, ён паспрабаваў уцячы з Магілёва, але быў затрыманы. Падчас затрымання адбылася страляніна паміж зламыснікам і міліцыянтамі. Нападнік быў паранены ў нагу. Іншых пацярпелых пры інцыдэнце няма.

Паведамлялася, што нападнік - 28-гадовы грамадзянін Расеі, які толькі ў верасні 2017 года атрымаў дазвол на жыхарства ў Беларусі.

Апошнія навіны