BE RU EN

Не стала опернага спевака Дзмітрыя Хварастоўскага

  • 22.11.2017, 10:44

Выбітны артыст пражыў 55 гадоў.

Памерла зорка опернай сцэны Дзмітрый Хварастоўскі. Пра смерць спевака паведаміў расейскі выканаўца Дзмітрый Малікаў.

«Дзмітрый Хварастоўскі памёр», - напісаў Зміцер Малікаў у Твітэры.

Дзмітрыю Хварастоўскаму было 55 гадоў. Як паведамляюць расейскія СМІ, выканаўца памёр у Швайцарыі.

У спевака выявілі пухліну мозгу ў 2015 годзе. Ён скасаваў усе канцэрты, прайшоў курс лячэння ў брытанскай клініцы, пасля чаго вярнуўся на сцэну. Хварастоўскі адсвяткаваў сваё вяртанне партыяй графа ды Луна у оперы «Трубадур» з Ганнай Нятрэбка ў Метрапалітэн-оперы. У лістападзе 2015 года спявак прыехаў з канцэртам у Менск. У сакавіку 2017 года павінен быў адбыцца яшчэ адзін канцэрт у беларускай сталіцы, аднак праз пагаршэнне здароўя артыста, ён быў скасаваны.

Дзмітрый Хварастоўскі нарадзіўся 16 кастрычніка 1962 года. Ён скончыў краснаярскую дзяржаўную акадэмію музыкі і тэатра. Сусветнае прызнанне спеваку прынесла перамога ў 1989 годзе на тэлевізійным конкурсе ВВС «Пясняр свету» ў горадзе Кардыфе (Вялікабрытанія), дзе ён быў уганараваны тытулам «Найлепшы голас» і атрымаў галоўны прыз. З тых часоў Хварастоўскі выступаў на такіх пляцоўках, як Уігмор-хол у Лондане, Куінсі-хол у Эдынбургу, Карнегі-хол у Нью-Ёрку, Кансерваторыя імя П.І. Чайкоўскага ў Маскве, оперны тэатр Лісеё ў Барсэлоне, Культурны цэнтр у Ганконгу і Музікферайн у Вене ў суправаджэнні вядомых аркестраў: Нью-Ёркскага філарманічнага, Сан-Францыскага сімфанічнага і Ратэрдамскага філарманічнага.

Апошнія навіны