BE RU EN

Мэркель гатовая да новых выбараў у бундэстаг

  • 20.11.2017, 20:51

Канцлерка Нямеччыны выступіла супраць фармавання ўрада меншасці.

Канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель гатовая весці ўзначаленую ёю ХДУ да новых выбараў у бундэстаг.

Пра гэта яна заявіла ў эфіры нямецкага грамадска-прававога тэлеканала ARD у панядзелак, 20 лістапада. У гутарцы з журналістам Мэркель назвала сябе чалавекам, «які нясе адказнасць і гатовы браць яе на сябе і ў будучыні». Пры гэтым яна выступіла супраць фармавання ўрада меншасці, назваўшы новыя выбары ў парламент больш прыдатным варыянтам, паведамляе «Нямецкая хваля».

Кіраўніца ўрада адзначыла, што раней заявіла аб гатоўнасці ўзяць на сябе абавязкі канцлеркі і не мае намеру адмаўляцца толькі праз пастанову Свабоднай дэмакратычнай партыі выйсці з кансультацый аб фармаванні ўрадавай кааліцыі.

Мэркель гатова кіраваць, але СДПГ не жадае

У той жа час Мэркель адзначыла, што гатовая да перамоў з Сацыял-дэмакратычнай партыяй Нямеччыны (СДПН) аб фармаванні новай «вялікай кааліцыі». Аднак яна мае намер пачакаць вынікаў сустрэч прэзідэнта ФРГ са старшынямі палітычных партый і толькі пасля гэтага прыме пастанову аб мэтазгоднасці новага збліжэння з СДПН.

Раней у той жа дзень старшыня СДПН Марцін Шульц паўторна выключыў магчымасць удзелу сацыял-дэмакратаў ва ўрадавай кааліцыі, абвясціўшы перад журналістамі аднагалосную пастанову кіраўніцтва партыі, якое запатрабавала правядзення ў краіне новых выбараў.

Увечары 19 лістапада лідар СвДП Крысціян Лінднэр абвясціў пра крах папярэдніх кансультацый для стварэння новай урадавай кааліцыі, якія доўжыліся блізу чатырох тыдняў. Супярэчнасці паміж партыямі, якія ўдзельнічалі ў перамовах, былі непераадольнымі, сказаў ён.

Апошнія навіны