BE RU EN

Кіроўчая партыя збіраецца сёння адправіць у адстаўку дыктатара

  • 19.11.2017, 12:35

Пастанова была прынятая пад уплывам масавых акцыяў пратэсту.

Кіроўчая партыя Зімбабвэ сустрэнецца ў нядзелю, каб прыняць вотум недаверу свайму кіраўніку дыктатару Роберту Мугабэ. Пра гэта паведамляе CNN са спасылкай на свае крыніцы. Паводле інфармацыі тэлеканала, гэта стала рэакцыяй на ўчорашнія акцыі ў падтрымку дзеянняў вайскоўцаў у краіне.

Высокапастаўлены прадстаўнік мясцовай арміі пацвердзіў сустрэчу.

Напярэдадні тысячы чалавек выйшлі на вуліцы сталіцы Зімбабвэ з патрабаваннем адстаўкі 93-гадовага прэзідэнта, які знаходзіцца ва ўладзе апошнія 37 гадоў.

Некалькі дзён таму вайскоўцы Зімбабвэ ўзялі ўладу ў краіне ў свае рукі, а Роберта Мугабэ адправілі пад хатні арышт. Некалькі ягоных ключавых палітычных хаўруснікаў затрыманыя.

Ёсць інфармацыя, што сам арыштаваны лідар не хоча пакідаць сваю пасаду да заканчэння тэрміну паўнамоцтваў у жніўні 2018 года. Паводле іншых звестак, Мугабэ гатовы перадаць кіраванне былому віцэ-прэзідэнту Эмерсану Мнангагва.

15 лістапада вайскоўцы ў Зімбабвэ заблакавалі дарогі да ўрадавых будынкаў і парламента, узялі пад кантроль радыё і тэлебачанне і заявілі пра «бяскроўны пераход» улады ў іхнія рукі. Паводле словаў вайскоўцаў, яны хочуць абясшкодзіць усіх злачынцаў, якія знаходзяцца ля прэзідэнта і перашкаджаюць развіццю дзяржавы.

Апошнія навіны