BE RU EN

Наталля Радзіна: Украінцам небяспечна з'яўляцца на тэрыторыі сённяшняй Беларусі

  • 17.11.2017, 15:32

Арыштаваўшы карэспандэнта «Українського радіо» Паўла Шаройку, улады Беларусі пацвердзілі сваю залежнасць ад Крамля.

Затрыманне карэспандэнта «Українського радіо» Паўла Шаройкі ў Беларусі, хутчэй за ўсё, праводзілася супольна з расейскімі спецслужбамі, заявіла ў каментары ўкраінскаму выданню «Гордан» галоўная рэдактарка сайта Charter97.org Наталля Радзіна.

«Гэта нейкі абсурд. Хутчэй за ўсё, затрыманне звязанае з РФ. Рэжым Лукашэнкі толькі пацвярджае сваю залежнасць ад Крамля. Мы неаднаразова папярэджвалі, наколькі небяспечна з ім мець справу.

Украінскім палітыкам, журналістам і грамадскім дзеячам небяспечна з'яўляцца на тэрыторыі сённяшняй Беларусі. Я заўважыла, што палітыкі ва Украіне імкнуцца пазбягаць размоў пра затрыманага ў Гомелі Паўле Грыб, спасылаючыся на тое, што ва ўсім вінаватая ФСБ. Але ўсе разумеюць, што ягонае затрыманне не магло быць арганізаванае без ведама беларускіх спецслужбаў. Гэта была супольная аперацыя з расейцамі. Яны наогул дзейнічаюць супольна», - адзначыла Радзіна.

Яна не выключае, што Беларусь можа перадаць Шаройку Расеі.

«Журналістаў у Беларусі забіваюць, саджаюць у турмы. Абвінавачванні ў іх адрас надуманыя: абвінавачваюць у экстрэмізме, абразах прэзідэнта, арганізацыі масавых беспарадкаў, як у маім выпадку, і гэтак далей. Калі ў выпадку Шаройкі беларускія спецслужбы дзейнічалі на замову Масквы, наступным крокам можа стаць выдача ўкраінскага журналіста Расеі.

І як пасля гэтага ў Беларусі змогуць працаваць украінскія тэлеканалы? Размовы Парашэнкі з Лукашэнкам аб запуску вяшчання ўкраінскіх тэлеканалаў у Беларусі я ўважаю за пустыя. Хоць, вядома, саму ідэю мы вітаем. Беларусы маюць патрэбу ў аб'ектыўнай інфармацыі, але Лукашэнка ніколі на гэта не пойдзе. Толькі свабодная і дэмакратычная Беларусь можа быць гарантам бяспекі ўкраінскіх грамадзян», - падкрэсліла Радзіна.

Кіраўнік Нацыянальнай грамадскай тэлерадыёкампаніі Украіны (НГТУ) Зураб Аласанія паведаміў сёння, што ў Беларусі затрымалі ўкраінскага журналіста Паўла Шаройку. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, журналісту выставілі абвінавачванні ў шпіянажы, адзначыў кіраўнік НГТУ.

Генеральны прадусар «Українського радіо» Дзмітрый Хоркін пацвердзіў, што Шаройка арыштаваны ў Беларусі яшчэ 25 кастрычніка.

Апошнія навіны