BE RU EN

124 гады таму нарадзіўся Кастусь Езавітаў

  • 17.11.2017, 11:10

Кастусь Езавітаў стаяў ля вытокаў Беларускай Народнай Рэспублікі.

Беларускі нацыянальны дзеяч, вайсковец Кастусь Езавітаў (1893 - 1946) нарадзіўся ў Дзвінску ў сям'і кадравага афіцэра. Вучыўся ў Віцебскім настаўніцкім інстытуце, потым у Паўлаўскай вайсковай вучэльні. Падчас вучобы займаў актыўную грамадзянскую і нацыянальную пазіцыю, у 1913 годзе стаў сябрам Беларускага Сацыялістычнай Грамады. Удзельнічаў у Першай сусветнай вайне.

Дэлегат Першага Усебеларускага кангрэса. У лютым 1918 года - Беларускі камендант Менска, уваходзіў у Раду БНР у якасці вайсковага міністра. У пачатку 1919 году знаходзіўся ў Гародні, адзін з камандзіраў 1-га Беларускага палка, літоўскімі ўладамі прызначаны камендантам горада. Пазней, падчас польска-савецкай вайны, узначальваў Вайскова-дыпламатычную місію БНР у Латвіі і Эстоніі.

У 1921 - 1939 гадах жыў у Латвіі, актыўна ўдзельнічаў у грамадска-палітычным жыцці, быў дырэктарам Рыжскай беларускай гімназіі. Неаднаразова арыштоўваўся латвійскімі ўладамі за беларускую нацыянальную дзейнасць.

Падчас Другой сусветнай вайны спачатку знаходзіўся ў Рызе, пасля пераехаў у Менск, узначальваў галоўную вайсковую управу Беларускай Цэнтральнай Рады. Пасля эміграцыі ў Нямеччыну ўзначаліў Вайсковы аддзел пры БЦР, быў "вайсковым міністрам і галоўным інспектарам узброеных сіл" (да студзеня 1945 года).

Браў удзел у стварэнні беларускіх фармаванняў на тэрыторыі Нямеччыны, а таксама ў арганізацыі антыбальшавіцкай партызанскай барацьбы ў Беларусі. У красавіку 1945 гады арыштаваны савецкай контрвыведкай "СМЕРШ" у Бэрліне. Спачатку перавезены ў Маскву, з лістапада знаходзіўся ў менскай турме. Памёр ад сухотаў у турэмным шпіталі.

Апошнія навіны