Беларускі баец ММА выйграў прэстыжны турнір
- 15.11.2017, 21:10
На прызавыя грошы Вадзім Куцы зладзіў свята ў дзіцячым прытулку.
Нядаўна беларускі баец змешаных адзінаборстваў (ММА) Вадзім Куцы выйграў турнір Academy MMA Cup у сваёй катэгорыі, за паўтары хвіліны адолеўшы гішпанца Хаўера Фуэнтэса, паведамляе nn.by.
Атрымаўшы ганарар за перамогу, Куртаты паабяцаў сабе ахвяраваць грошы ў дзіцячы прытулак.
Даведаўшыся пра такое жаданне, яму наважылі дапамагчы яшчэ з тузін людзей - знаёмых і спартоўцаў. І ўжо ў мінулую нядзелю хлопцы зладзілі свята для дзяцей з сацыяльнага прытулку Першамайскага раёна Менска.
Пра гэта цяпер гаворыць уся спартыўная супольнасць.
«Я не магу агучваць суму ганарару, якую выдаткаваў. - сказаў спартовец. - гэта наўрад ці спадабаецца кіраўніцтву. А чаму я так зрабіў? Па-першае, гэты прытулак праз дарогу ад залі дзе я трэніраваўся ў дзяцінстве. Я восем гадоў туды хадзіў, бегаў там, гуляў, бачыў гэтых дзяцей і разумеў, што ім мала пашанцавала. Ну і потым, як пасталеў, прыйшло жаданне дапамагчы. Па-другое, гэта быў мой першы бой у Менску - раней біўся за мяжой, таму наважыў, што калі дома выйграю - то аддам усё дзецям».
«Мы перадалі тэлевізар, фотаапарат, караоке-сістэму, мікрафон і калонкі, спартыўны інвентар. Садавіны дзесьці 100 кілаграм, цукеркі... Мы таксама дарылі кожнаму зімовы камплект адзення: шапку, куртку, швэдар, штаны, майку, пальчаткі... Плюс летні абутак: красоўкі або шлапакі. Цацка кожнаму ў падарунак, ну і шоу-праграма была: два хаскі ўзялі, каб дзеці маглі няньчыцца з імі, аквагрым быў, аніматар быў, клоўны і штукар, І адна дзяўчына бясплатна майстар-клас правяла», - падсумаваў баец.
Самому Вадзіму Куцаму 26 гадоў, у ММА ён правёў 12 баёў, у 11 перамог.